Жыхары Магілёва адстаялі школьны стадыён: шматпавярховіку на ім будаваць не будуць


«Белсат» распавядаў, што жыхары Магілёва ў лютым сабралі некалькі соцень подпісаў пад калектыўным зваротам у гарвыканкам. Людзі выступілі супраць будоўлі 120-кватэрнага дому і паркінгу на 115 месцаў на стадыёне СШ № 35 у Магілёве (скрыжаванне завулку Гогаля і вуліцы Кірава).

«На гэтым стадыёне займаюцца не толькі школьнікі, але і ўсе мясцовыя жыхары: хлопцы прыходзяць на турнікі, пенсіянеры робяць зарадку», – тлумачылі сваю пазіцыю жыхары раёну.

12 лютага ў кабінеце галоўнага архітэктара Уладзімера Скачака адбылася прэзентацыя праекту пабудовы шматпавярховіка з паркоўкай
Жыхары, якія выступілі супраць забудовы школьнага стадыёну, прыйшлі да галоўнага архітэктара Магілёва

14 сакавіка стала вядома, што ўлады ўлічылі меркаванні людзей і адмовіліся ад планаў пабудаваць дом на тэрыторыі школьнага стадыёну.

Алена, адная з ініцыятараў збору подпісаў, адзначае: «Са мною звязвалася мясцовая дэпутатка Святлана Шутава, яна паведаміла, што ўлады шукаюць новую пляцоўку пад гэты дом. Мне абяцалі даслаць афіцыйнае пацверджанне гэтаму праз два тыдні. А пакуль на руках я маю толькі адказ на наш калектыўны зварот, у якім сказана, што грамадскае абмеркаванне будаўніцтва дому з паркоўкаю на школьным стадыёне датэрмінова скасаванае, а праект вярнулі назад ва Упраўленне капітальнага будаўніцтва на дапрацоўванне».

Як мы даведаліся ў гарвыканкаме, бліжэйшыя некалькі гадоў тэрыторыю спартовага стадыёну забудоўваць дакладна не будуць.

«Пасля прэзентацыі канцэпцыі забудовы стадыёну СШ № 35 мы атрымалі мноства адмоўных водгукаў. Прычым людзі звярталіся не толькі да нас, але і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Гэта ўсё паўплывала на тое, што была прынятая пастанова канцэпцыю забудовы вярнуць назад ва Упраўленне капітальнага будаўніцтва на дапрацоўванне. Пакуль ніхто не выставіў новых прапановаў на гэтую тэрыторыю. І можна сказаць, што зараз яна забудоўвацца не будзе», – адказалі нам ва ўпраўленні архітэктуры Магілёўскага гарвыканкаму.

Стадыён СШ № 35 у Магілёве

Тэрыторыя стадыёну СШ № 35 трапіла ў поле зроку Упраўлення капітальнага будаўніцтва праз адсутнасць на ёй забудоваў. Каб пабудаваць тут новы дом, нічога знасіць не трэба, што значна эканоміць грошы пры будоўлі.

ВВ belsat.eu

Стужка навінаў