Жыхары гэтага дому не пойдуць на выбары, бо чакаюць рамонту 42 гады


Дом № 39 па вуліцы Савецкай у пасёлку Чырвоная Слабада. Фота – «Kurjer.info»

Жыхары дому № 39 па вуліцы Савецкай у пасёлку Чырвоная Слабада Салігорскага раёну напісалі ў пасялковы Савет зварот аб адмове галасаваць на парламенцкіх выбарах па прычыне інею і цвілі на сценах, падае «Kurjer.info».

Паводле людзей, у кватэрах іх панэльнага дому гадамі халодна, сцены сырэюць і прамярзаюць, пад шпалерамі ўсё чорнае ад цвілі. Жыхары робяць рамонт, але цвіль вяртаецца.

«У нас ёсць людзі, якія хварэюць на астму з-за гэтых сценаў, – распавяла адна з жыхарак, спадарыня Наталля. – Мы хочам дажыць. Няхай нашы старыя дажывуць у добрых умовах, у цяпле, больш мы нічога не хочам».

ЖКГ спрабавала выправіць сітуацыю яшчэ ў 2006-м: у трох кватэрах усталявалі дадатковыя сцены з газасілікатных блокаў (паменшыўшы жылую плошчу кватэраў). Яшчэ ў чатырох кватэрах жыхары самі абшылі сцены гіпсакардонам. Але праблема засталася.

«ЖКГ пераканаўча прасіла пачакаць капрамонту дому, дзе гэтую праблему абяцалі ліквідаваць», – пішуць жыхары ў сваім звароце ў пасялковы савет.

Капітальны рамонт распачаўся сёлета. Аднак аказалася, што падчас яго не плануецца даводзіць сцены хаты да нарматыўнага значэння. Гэта значыць, не ліквідуюць менавіта тую праблему, з-за якой людзі і прасілі капітальнага рамонту.

Жыхары кажуць, што праект капрамонту склалі без узгаднення з імі, без цеплавізійныя абследавання, у кватэры ніхто не заходзіў, а акты абследавання, якое было ў 2006 годзе, прапалі. Магчыма, іх здалі на макулатуру, калі зачынілася ЖКГ у Старобіне, якое раней абслугоўвала дом.

Цвіль пад шпалерамі ў адной з кватэраў дому № 39 па вуліцы Савецкай у пасёлку Чырвоная Слабада. Фота – «Kurjer.info»

Жыхары ўжо звярнуліся ў праектную арганізацыю, ЖКГ і райвыканкам – і ад усіх атрымалі адказы, у якіх паўтараецца адна фраза: «Цеплавая мадэрнізацыя можа быць выкананая за кошт сродкаў жыхароў дому».

Людзі кажуць, што грошай на гэта ў іх няма: большасць жыхароў – пенсіянеры.

Жыхары цвердзяць, што падчас капрамонту будаўнікі сталі латаць швы паміж плітамі мантажнай пенай, але парушылі тэхналогію.

«Пена выйшла з швоў, яе падрэзалі, гэта значыць, яны запусцілі волкасць у швы. Усё гэта па праекце рабіць катэгарычна забараняецца. Баімся, што будзе горш. Швы заладзілі толькі ў адной кантавай сцяне. А потым сказалі, што выдаткавалі ўвесь матэрыял, усе 135 метраў. Нават пены няшчаснай няма», – кажуць жыхары.

«Мы просім давесці сцены нашага дому да нарматыўных нормаў, – кажа спадарыня Іна. – А якімі спосабамі – пасля цеплавізійнага абследавання няхай вырашае праектная арганізацыя. Можна ўнесці змены ў праект. А то, атрымліваецца, адну сцяну раскалупалі, а астатнія пафарбавалі – касметычны рамонт. Зараз добрае надвор’е наступіць для цеплавізійныя абследавання, а з афарбоўкай можна пачакаць да вясны. Бо чакалі 42 гады».

Чорныя ад цвілі сцены ў жыхаркі дому ў Чырвонай Слабадзе. Фота – «Kurjer.info»

Жыхары патрабуюць, каб праект капрамонту змянілі і ўсё ж такі ўцяплілі сцены. У звароце яны напісалі, што адмаўляюцца ісці на выбары, пакуль улады іх не чуюць. Праўда, гэта – не аднагалоснае рашэнне.

«Ідзем на крайнасці ўжо. Думаем, што можа, падзейнічае! Але, можа і няправільна будзе, калі мы не пойдзем галасаваць », – кажа адна з жыхароў.

«Такая ўлада нам не трэба, якая не глядзіць на нас!», – кажа іншы.

«Не, слухайце, выбары не вінаватыя. На выбары мы павінныя пайсці», – пярэчыць трэцяя.

Мантажнай пены падчас капітальнага рамонту ў доме №39 па вуліцы Савецкай у Чырвонай Слабадзе хапіла не на ўсе шчыліны. Фота – «Kurjer.info»

Аналагічныя праблемы з прамярзаннем сценаў і цвіллю ў кватэрах мае суседні дом – №35. Ганна Шумская, старэйшая па дому, ужо больш за дзесяць гадоў просіць улады ўцяпліць сцены, і пад гэтай просьбай падпісваюцца іншыя жыхары. Улады прапануюць жыхарам мадэрнізаваць будынак за ўласны кошт. Жыхары, збольшага пенсіянеры, кажуць, што грошай на гэта не маюць.

У гэтым доме цяпер таксама ідзе капітальны рамонт – і сцены тут таксама не ўцяпляюць.

Ганна Шумская прайшла па ўсіх кватэрах, сабрала подпісы і скаргі людзей, у пісьмовым выглядзе аддала іх у выканкам і ЖКГ.

«Але ўжо было позна, таму што праект [капрамонту] ужо быў гатовы», – кажа спадарыня Ганна.

Жыхары абодвух дамоў кажуць, што спраўна плацяць за камунальныя паслугі і капітальны рамонт.

У Салігорскім ЖКГ «Комплекс» распавялі, што дырэктар праз занятасць зможа пракаментаваць сітуацыю толькі ў панядзелак.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары