Жыхары Чэрыкава стаяць у чэргах, каб здаць тэст на каронавірус


Вялікая чарга людзей у масках расцягнулася ад Чэрыкаўскай паліклінікі. «Мы стаім, каб здаць тэст на каронавірус», – кажа апошні ў чарзе мужчына. Ён і ўсе дваццаць чалавек перад ім – кантакты першага ўзроўню. Свой першы тэст на COVID-19 яны здавалі 30 красавіка, ён аказаўся адмоўным. І цяпер яны прыйшлі здаваць тэст другі раз.

Дзе сапраўды людна, дык гэта ля рэённай паліклініцы, там людзі чакаюць сваёй чаргі на тэст.
Фота: Belsat.eu

«Я працую ў СШ №2, у нас там захварэла настаўніца і дырэктар. У іх тэсты станоўчыя, а ў нас – адмоўныя. Вучняў і супрацоўнікаў нашай школы адправілі на хатні каранцін, заняткі, вядома, адмянілі. Пакуль што да 14 траўня. А там будзе бачна», – тлумачыць жанчына, якая стаіць у чарзе, каб здаць тэст на каронавірус.

Людзі стаяць у чарзе, каб здаць тэст на каронавірус другі раз, першы раз ён у іх быў адмоўны.
Фота: Belsat.eu

Заразіліся выхавальніца і дырэктар школы

Сярэдняя школа №2 – як раз насупраць паліклінікі, таму лёгка спраўдзіць, што яна сапраўды зачыненая. Пра гэта паведамляе запіска на дзвярах. Там жа са звычайнага пластыкавага пакету зроблена скрыня для заяваў. Ніхто не выходзіць і не ўваходзіць у будынак.

Побач са школай як раз праходзіла загадчыца гаспадарчай часткай Марыя. Жанчына назвала сітуацыю ў Чэрыкаве нармальнай:

«Я таксама здавала тэст – звычайны мазок з горла. Першыя вынікі прыйшлі на другія содні. Мой тэст быў адмоўны, таму ў мяне ніякага страху няма».

СШ№2 у Чэрыкаве, дзе знайшлі каронавірус.
Фота: Belsat.eu

Марыя кажа, што ў яе школе станоўчы вынік быў толькі ў выхавальніцы групы працягнутага дня і ў дырэктара. Яшчэ падчас школьных канікулаў выхавальніца сама звярнулася да лекараў праз хваробу і, калі ў яе пацвердзіўся каронавірус, то тэсты зрабілі ўжо ўсёй школе. «Спачатку пратэсціравалі кантакты першага ўзроўню, а пасля – усіх астатніх. У выхавальніцы і бранхіты раней былі, і запаленні – магчыма, таму яна першая і захварэла. Зараз знаходзіцца ў больніцы ў Магілёве», – кажа Марыя.

Людзі ў горадзе гэтую гісторыю ведаюць праз сарафаннае радыё. Ніхто з імі на афіцыйным узроўні актуальнай інфармацыяй асабліва не дзеліцца, затое адзін аднаму жыхары Чэрыкава ўсё распавядаюць.

«Усяго 70 хворых», – даносіцца ўрывак размовы паміж жанчынай і мужчынам ля крамы. Як толькі мы падыходзім, каб спраўдзіць сітуацыю з каронавірусам у горадзе, парачка разбягаецца і зачыняе дзверы крамы перад нашым носам. Што ж, не ў гэты раз…

 

Вярнуліся з Расеі і пайшлі заражэнні

Але не ўсе жыхары Чэрыкава баяцца казаць пра каронавірус услых.

«Хвароба ад прыезджых пайшла. Артысты ў нас ёсць такія, вярнуліся з Расеі і бацькоў заразілі. Яшчэ быў выпадак, што адзін будаваў больніцу ў Маскве, якую за месяц трэба было пабудаваць, вярнуўся і таксама заразіў людзей», – дзеліцца сваімі назіраннямі мужчына на ровары. Ён сведчыць, што яшчэ 2 тыдні таму ў Чэрыкаве не было ніводнага хворага, а як сталі вяртацца з Расеі і Украіны, то пачалося.

Мужчына з роварам і без маскі.
Фота: Belsat.eu

Суразмоўца сведчыць, што ў яго ў самога была тэмпература 3 дні. Ён лячыўся таблеткамі і ўсё прайшло. Нас мужчына запэўніў, што віруса не баіцца, нават ходзіць без маскі, але рукі мые і твар стараецца не кранаць.

«З большага ў нас усё ў лёгкай форме пераносяць. Толькі адна жанчына з запаленнем у Магілёве, а астатнія тут у больніцы ці ўвогуле ўдома на самаізаляцыі сядзяць. Хто зараз вяртаецца дадому з-за мяжы, таксама на 2 тыдні на самаізаляцыі пад кантролем: ім звоняць, правяраюць, каб былі дома і не выходзілі», – кажа мужчына з роварам.

Яно і бачна, што горад у працоўны дзень зусім пусты. На вуліцы мінімум людзей.

Хворыя выяўлены ў раённых электрасетках і ў лясгасе

Другую версію, чаму горад такі пусты, выказвае маладая жанчына:

«Людзі баяцца выходзяць, усе сядзяць па дамах». Канешне, можна было спужацца, калі тыдзень таму раённая газета «Веснік Чэрыкаўшчыны» настойліва прызывала без крайняй неабходнасці не пакідаць свае дамы, устрымацца ад гасцей, а сем’ям кантактаў першага ўзроўню па магчымасці ўзяць адпачынак і пабыць дома. Зразумела, што не проста так. Зараз я на каранціне з дзіцём, бо дзіцё вучыцца ў СШ№2, дзе знайшлі каронавірус. Зараз у школе ідзе апрацоўка, усё дэзынфікуюць. Але нам усё роўна трошкі страшна, бо ў гэтага віруса наступствы цяжкія».

Маладая жанчына з дзіцём на каранціне.
Фота: Belsat.eu

Паводле жанчыны, закрыты ўсе чэрыкаўскія школы (іх у горадзе тры), а таксама раённыя электрасеткі і лясгас.

Тое, што ў мясцовых электрасетках і лясгасе ёсць пацверджаныя выпадкі каронавірусу, сказалі і іншыя жыхары Чэрыкава. Многія людзі казалі, што адчуваюць страх, але пры гэтым былі без масак.

«Мне падаецца, што інфармацыя трохі хаваецца ад людзей, – кажа мужчына сталага веку. – Хацелася б, каб больш інфармацыі было, каб усё тлумачылі людзям».

Тое самае сказалі і 2 жанчыны на аўтастанцыі: «Інфармацыя толькі адзін ад аднаго. Ну і тое, што ў інтэрнэце знойдзем».

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў