Жыхару Маларыты пагражае 15 содняў за непадпарадкаванне памежнікам


Памежная зона

Каб затрымаць жыхара раённага цэнтру, памежнікам давялося рабіць папераджальныя стрэлы.

Пра інцыдэнт, які здарыўся 24 снежня ў Маларыцкім раёне, паведамляецца на старонцы Памежнага камітэту. Падчас праверкі ўчастку беларуска-украінскай мяжы, дзякуючы ўжыванню цеплавізару, памежны атрад выявіў невядомага, які рухаўся ўздоўж мяжы. На патрабаванне спыніцца мужчына не рэагаваў, а пасля, нягледзячы на папярэджанні, здзейсніў спробу ўцячы ўглыб тэрыторыі Беларусі.

Каб перадухіліць правапарушэнне, памежнікі зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра. Толькі тады мужчына, якім аказаўся 26-гадовы беспрацоўны з Маларыты, падпарадкаваўся. Паводле версіі затрыманага, на рэжымнай тэрыторыі ў 25-ці кіламетрах ад гораду ён аказаўся выпадкова, бо захапіўся пошукам сваёй сабакі, якая ўцякла.

У адносінах да парушальніка распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 1 арт. 23.30 (парушэнні памежнага рэжыму), які прадугледжвае штраф да 50 базавых, а таксама паводле арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы падчас выканання службовых паўнамоцтваў). Санкцыя апошняга артыкула прадугледжвае такі ж штраф, як і ў першым выпадку, альбо арышт да 15 содняў.

Глядзіце таксама >>> У вяскоўцаў забралі агароды праз дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы

НМ, belsat.eu, фотаздымак Сайт Памежнага камітэту

Стужка навінаў