Жыхароў Данбасу будуць вазіць у аўтобусныя «пашпартныя туры» ў Расею


Ілюстратыўны здымак – Міхаіл Цярэшчанка / ТАСС / Forum

Міністэрства ўнутраных справаў Расеі распачало выдачу пашпартоў жыхарам «ДНР» і «ЛНР». У першы рэйс па новыя пашпарты на расейска-украінскую мяжу адправіліся 34 асобы.

Пра пачатак выдачы расейскіх пашпартоў жыхарам «ДНР» і «ЛНР» распавялі дзве крыніцы РБК, блізкія да МУС Расеі. Па іх словах, працэс атрымання дакументаў арганізаваны ў двух часавых пунктах пропуску на расейска-ўкраінскай мяжы. Па словах аднаго з суразмоўцаў РБК, на гэты момант заявы на выдачу пашпартоў адобрылі для 1200 чалавек. Усяго заявы на атрыманне расейскага грамадзянства склалі 12 тыс. жыхароў «ДНР» і «ЛНР».

Раней начальнік міграцыйнай службы «ДНР» Уладзімір Краснашчока паведаміў пра прыезд у Расею 34 жыхароў для атрымання грамадзянства.

«Сёння гэта першая паездка. Далей плануецца практычна штодня дастаўляць грамадзянаў на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі паводле тых спісах, якія нам падаюць», – распавёў Краснашчока.

Уладзімір Пуцін тлумачыў выдачу дакументаў гуманітарнымі мэтамі. Улады Украіны заяўлялі, што не будуць іх прызнаваць.

Кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін абвінаваціў Расею ў «чарговым этапе гібрыднай вайны» і заявіў, што Кіеў рыхтуе крокі ў адказ. У пачатку чэрвеня ў Вярхоўную раду Украіны ўнеслі законапраект аб канфіскацыі маёмасці ў жыхароў Данецкай і Луганскай вобласцяў, якія маюць расейскі пашпарт.

У размове з «Белсатам» палітолаг Алег Саакян заяўляў, што расейскія пашпарты – своеасаблівыя «відовішчы» замест «хлеба», якім Расея не можа забяспечыць жыхароў Данбасу.

Паскарэнне працэдуры іх выдачы, згодна з экспертам, звязанае з перамогай на выбарах прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, папулярнага таксама на Данбасе.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў