Жыхарку Воршы аштрафавалі на $ 230 за стрым у «Аднакласніках» і спробу дапамагчы бяздомным сабакам


Юлія Малышава (на фота) вырашыла дапамагчы бяздомным жывёлінам з мясцовага пункту адлову і паказала ў наўпроставым эфіры ў сацсетцы ўмовы, ў якіх жывуць сабакі. Суд вырашыў, што дзяўчына парушыла закон, паведамляюць naviny.by.

Спачатку на яе выклікалі міліцыю, а потым забралі ў пастарунак. На наступны дзень Малышаву аштрафавалі за стрым на суму каля $ 230.

Дзяўчыну абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі (арт. 23.4 КаАП), незаконным пранікненні на абʼект, які знаходзіцца пад аховаю (арт. 23.14 КаАП), а таксама ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродку масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Агульная сума штрафаў – $ 530.

Юля не працуе журналістам і не супрацоўнічае з медыямі. Цяпер яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Відэа яна запісала, каб прыцягнуць увагу мясцовых жыхароў да жудасных умоваў утрымання бяздомных жывёлінаў у Воршы.

Нагадаем, што напрыканцы сакавіка ў Воршы затрымалі 7 валанцёраў, якія прыйшлі пакарміць сабак у КУП «Воршанская спецаўтабаза».

За спробу дапамагчы жывёлінам усе валанцёры атрымалі штрафы ў памеры ад 10 да 25 базавых велічыняў.

5 красавіка распачаўся збор сродкаў на пагашэнне штрафаў, якія далі валанцёрам.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў