Жыхарка Нясвіжчыны «замінавала» дзіцячы садок


Сапёрная служба.
Фота: Віцебскі кур’ер

З дзіцячага садка эвакуявалі малых, а на 55-гадовую жанчыну завялі крымінальную справу, паведамляе прэс-служба УУС Менаблвыканкаму.

31 снежня спадарыня патэлефанавала ў міліцыю і сказала, што ў дзіцячым садку ў Нясвіжы насупраць будынку РАУС закладзеная бомба.

Пасля тэлефанавання з садка эвакуявалі 41 дзіця, тэрыторыю абследавалі – якіх-небудзь выбуховых, лёгкаўзгаральных ды іншых небяспечных рэчываў не выявілі.

Асобу, якая тэлефанавала, усталявалі амаль адразу. Жанчына доўгі час адмаўлялася адамкнуць дзверы, абражала супрацоўнікаў міліцыі, але ўрэшце яе затрымалі.

У міліцыі адзначылі верагоднасць таго, што жанчына можа не памятаць усіх сваіх тэлефанаванняў на лінію «102» у той дзень, на яе заведзеная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 340 КК ( «Заведама ілжывае паведамленне пра выбух, падпал ці іншыя дзеянні, якія ствараюць небяспеку для жыцця і здароўя людзей»). Ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў