Жыхарка Лагойску выйграла суд супраць намесніка раённага ідэолага. Падчас працэсу жанчына была ў ІЧУ


Аксана Бароўская – вядомая асоба ў Лагойску. Раней яна працавала ў доме культуры, потым уладкавала свой бізнес. Калі пачаліся паслявыбарчыя пратэсты, Аксану выклікалі на допыты, судзілі і пагражалі паставіць сям’ю на ўлік як сацыяльна небяспечную. Жанчына ўсцяж змагаецца за свае правы.

У Лагойску існуе чат жыхароў, які рабіў яшчэ Сяргей Ціханоўскі: «Логойск для жизни», у ім паўтары тысячы ўдзельнікаў. Аднойчы туды далучылася Ірына Гаруновіч, намесніца кіраўніка аддзелу па ідэалагічнай працы Лагойскага раёну.

«Калі я пабачыла, што Гаруновіч далучылася да чату, яе як асобу, якая займалася выбарамі, запытала, дзе нашыя галасы і чаму не вывесілі пратаколаў. Я звярнулася да намесніцы ідэолага культурна, на імя ды імя па бацьку», – згадала Аксана.

Аксана Бароўская. Фота прадстаўлена рэдакцыі

У 2017 годзе праз розныя палітычныя погляды Аксана пакінула дзяржаўную працу на ўласнае жаданне: «Было вельмі цяжка. У нас горад невялікі, знайсці іншае месца было складана. Але я распачала сваю справу і дала рады».

Гэты эпізод па-свойму інтэрпрэтавала Ірына Гаруновіч, калі пастанавіла адказаць Аксане на пытанне ў чаце. У прыватнасці яна напісала: «Гэта запытвае чалавек, якога калектыў раённага дому культуры калісьці выгнаў за крадзеж».

Суразмоўца «Белсату» згадвае гэтае ліставанне і падкрэслівае: «Ніхто мяне не выганяў».

Вынік судовага паседжання. Фота прадстаўлена рэдакцыі
Вынік судовага паседжання. Фота прадстаўлена рэдакцыі
Вынік судовага паседжання. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Аксана пастанавіла не пакідаць справы без увагі, а разам з адвакатам Андрэем Цітовым заверыла ў натарыуса ліставанне ў чаце, спраўдзіла, што нумар тэлефону насамрэч належыць намесніцы ідэолага, і падала ў суд. Справа цягнулася некалькі месяцаў, бо Гаруновіч пасля пазову з’ехала на лекаванне ў Расею, але па вяртанні слуханне распачалося нанова.

«На судзе Ірына паводзіла сябе напышліва. Я заявіла, што мне не трэба кампенсацыі, калі яна папросіць прабачэння. Яна сказала, што перапрашаць не будзе, бо выйграе суд, і выклікала сведкаў. Але ўсе сведкі сталі на мой бок», – распавяла Бароўская.

Гісторыі
«Артыкул мянялі тройчы». Як «шыюць» справы аб масавых закалотах і гвалце над міліцыянтамі
2020.12.17 12:37

Для Аксаны сітуацыя абцяжарылася тым, што ў гэты час актыўных жыхароў Лагойску затрымлівалі і ладзілі ў іх ператрусы. Якраз напярэдадні разбору ў дом Аксаны прыехалі міліцыянты і затрымалі яе: «У суд мяне прывезлі пад канвоем, пастанову суддзі я там не пачула, бо мяне адвезлі назад у камеру».

Суддзя Любоў Мікуліч прысудзіла намесніцы ідэолага кампенсацыю Аксане маральнай шкоды 400 рублёў і папрасіць прабачэння ў яе ў чаце гораду. Прысуд Бароўская пачула ў камеры ІЧУ: «Адчынілася акенца ў дзвярах, і кіраўнік ІЧУ паведаміў, што я выйграла суд. У мяне ад хвалявання і стрэсу пацяклі слёзы. Мне было цяжка, але гэта як святло ў канцы тунэлю і спадзяванне, што справядлівасць пераможа. Гэта, напэўна, першы раз у Лагойску, калі звычайны чалавек выйграў суд супраць чыноўніка. Мы не маглі ў гэта паверыць».

Як потым даведалася Аксана, калі суддзя зачытвала прысуд, усе прысутныя пачалі пляскаць у далоні.

Рашэнне суда на карысць Аксаны было агучанае ў канцы лістапада. Ірына Гаруновіч заявіла, што мае намер абскардзіць рашэнне мясцовага суда.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў