Жыхарка Івацэвіччыны адраджае палескую кераміку і народныя традыцыі ганчарства


Ала Капыціч, жыхарка вёскі Соміна Івацэвіцкага раёну, адраджае традыцыйнае майстэрства вырабу гліняных цацак, свісцёлак-акарынаў, а таксама займаецца вырабам глінянага посуду. Жанчына прызнаецца, што калі ўзяла ў рукі гліну, то адразу ж зразумела, што гэта ейная справа і занятак. Belsat.eu паразмаўляў з майстрыхаю пра тое, навошта рабіць посуд рукамі і ў чым адметнасць палескай гліны.

Ала Капыціч адраджае ганчарства.
Фота: Белсат

Ала Капыціч працуе ў мясцовым Доме культуры, вядзе гурток для дзяцей. Жанчына раней навучалася ў Бабруйскай гімназіі-каледжы мастацтваў, там і паспрабавала ствараць вырабы з гліны. Але сапраўднае захапленне керамікаю прыйшло пазней.

«Так сталася, што трапіла ў вёску Гарадная ў Столінскім раёне. Адтуль я прывезла гліну, якая вельмі добрай якасці, пачала спрабаваць нешта з яе ствараць. Спачатку гэта былі цацкі, потым свісцёлкі», – распавядае Ала Капыціч.

Гліняныя вырабы Алы Капыціч.
Фота: Белсат

Загадчыца Дому культуры і раней займалася творчымі заняткамі з дзецьмі, але гэта быў гурток лепкі з пластыліну. Потым пачала ствараць на базе гуртка дробныя вырабы з гліны. А апошнія 10 гадоў жанчына працуе як майстар. У 2017 годзе Ала Капыціч атрымала ўзнагароду з Міжнароднага пленэру ганчароў, які ладзіцца ў вёсцы Гарадная.

Калыска гліняных вырабаў у Беларусі – Століншчына

Вёска Гарадная Столінскага раёну для Алы Капыціч, зрэшты, як і для іншых майстроў, не толькі крыніца для добрай сыравіны, бо тут якасная гліна, але і магчымасць пераняць традыцыі палескага ганчарства.

Цацкі з гліны.
Фота: Белсат

«У Гарадной даволі мала зямлі, бедная глеба, таму там здаўна слабыя ўраджаі. Але палешукі зразумелі, што іхнае багацце ў іншым – гліна. Ганчарствам там займаліся бадай у кожным двары. Майстры ездзілі па ўсёй Беларусі. Для дзяцей гэта было свята. Бо гаспадыні набывалі посуд, а нам, дзецям, – забаўкі ды цацкі. Я памятаю, як гэта было нават у 1970-ыя гады. Майстры з Гарадной прыязджалі ў нашую вёску, і на ўсю вуліцу гучала: «Го-о-оршкі, го-о-оршкі!».

Цяпер у Алы Капыціч сапраўдная калекцыя вырабаў з гліны. Пасля эксперыментаў жанчына вырашыла, што кожны твор мусіць быць непадобны да іншага. Таму кожная свістулька або цацка выключна ручной працы.

Гліняныя вырабы Алы Капыціч.
Фота: Белсат

«Мне даспадобы менавіта народныя матывы, не падабаецца нешта сучаснае. Я сама нарадзілася ў вёсцы. Таму для мяне гэта блізкае і роднае нават», – кажа Ала Капыціч.

Сярод цацак майстрыхі – персанажы народных казак, міфаў або проста вясковыя цікавыя матывы.

«Мне вельмі падабаецца гук нашых беларускіх балотаў. Як у фільме «Людзі на балоце» гучыць акарына – гэта гук беларускіх балотаў, такі глухаваты, сумны… Нашая вёска ж таксама на балоце», – кажа Ала Капыціч.

Пасля забыцця ў савецкія часы вяртаемся да сваіх вытокаў

Ганчарны круг у Алы Капыціч з’явіўся каля пяці гадоў таму. Наагул, адзначае майстрыха, ганчарства даволі складаная праца, якая патрабуе істотных фізічных высілкаў. Але жанчыну гэта не палохала, і яна даўно збіралася стварыць свой інструмент.

Ала Капыціч за працай на ганчарным крузе.
Фота: Белсат

«У людзей прачынаецца цікавасць да ранейшага. Гэта не толькі больш экалагічна, але стравы, згатаваныя ў гліняным посудзе, нашмат больш смачныя. Таму ганчарства не знікне, а, наадварот, атрымае новы імпульс да развіцця. Людзі вяртаюцца да гэтага. У савецкія часы гэта страціла сваю каштоўнасць і значнасць, але цяпер вяртаемся да сваіх вытокаў, да сваіх каранёў», – падсумоўвае Ала Капыціч.

Ала Капыціч на ганчарным крузе робіць гліняны посуд.
Фота: Белсат

CK belsat.eu

Стужка навінаў