Жыхара Бабруйска будуць судзіць за абразу міліцыянта


Пракурор Бярэзінскага раёну завёў крымінальную справу ў дачыненні да 34-гадовага жыхара Бабруйска. Мужчына нецэнзурна абазваў міліцыянта пры выкананні службовых абавязкаў, паведамляе МЛЫН.BY.

«У аграгарадку Брадзец адбыўся крадзеж і на месца злачынства выехаў супрацоўнік міліцыі. Сярод відавочцаў быў нецвярозы жыхар Бабруйску, які нецэнзурна абазваў супрацоўніка міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў. Абраза на адрас оперупаўнаважанага ўтрымлівала негатыўную ацэнку яго асобы, чым мужчына прынізіў гонар і годнасць праваахоўніка», – распавёў старшы памочнік пракурора Бярэзінскага раёну Кірыл Чэбан.

Першапачаткова ў дачыненні да парушальніка быў складзены адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 17.1 «Дробнае хуліганства». Аднак суд спыніў адміністрацыйны працэс і вярнуў справу пракурору на перагляд.

Па выніках правярання пракуратура распачала крымінальную справу паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Публічная знявага прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Пакаранне за такое парушэнне прадугледжвае грамадскія працы, штраф, папраўчыя працы на тэрмін да 2 гадоў, арышт або абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Падобная справа мела месца ў чэрвені ў Віцебску. Жыхар абласнога цэнтру атрымаў штраф ў памеры 24 базавыя велічыні (612 рублёў) нібыта за абразу міліцыянты, зоць сцвярджаў, што наадварот, яго абражаў міліцыянт. Але суд стаў на бок супрацоўніка РАУС.

Дакумент
Берасцейскі УУС: «Ідзі на х..й» з вуснаў інспектара ДАІ – не абраза
2016.02.05 10:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў