Жыхар Салігорску знайшоў у гарадскіх лаўках акрываўленыя іголкі ад шпрыцаў


Станіслаў Кукраш выклаў фотаздымкі са свайго шпацыру па вуліцы Кастрычніцкая ў Салігорску. Мужчына знайшоў у лаўках іголкі ад шпрыцаў у крыві. Яны былі замацаваныя так, што на іх можна было лёгка напароцца, прысеўшы ці абапёршыся на спінку лаўкі.

Усяго хлопец знайшоў каля дзесяці іголак.

«Іголка не сказаць, каб новая, а, відавочна, ёй карысталіся, з крывёю, якая высахла. Я дастаў яе і выкінуў у сметніцу, прайшоўся далей па Кастрычніцкай. Далей больш. На наступнай лаўцы знайшоў ужо дзве іголкі. Таксама вакол лаўкі і пад ёй валяліся яшчэ некалькі іголак і каўпачкоў ад іх. Ну і далей, пад трэцяй лаўкай была яшчэ адна іголка», – піша Святаслаў Кукраш у «ВКонтакте».

Мужчына дадаў, што гэткія выпадкі ўжо здараліся ў канцы 1990-ых і на пачатку 2000-ых.

Салігорац паведаміў пра небяспечную знаходку праваахоўнікам. На месца прыбыў нарад.

У каментарах да паста пачаліся спрэчкі, ці гэтак можна заразіцца ВІЧ. Карыстальнікі пішуць, што страшна выходзіць на шпацыры з дзецьмі.

У Салігорску самая вялікая колькасць нарказалежных у краіне. Большасць ВІЧ-інфікаваных у Салігорску – моладзь ва ўзросце 15–29 гадоў. У агульнай структуры хворых пераважаюць мужчыны – 60 %, доля жанчын складае 40 %. З 2017 года ўсе мясцовыя жыхары ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, якія звярнуліся па меддапамогу, павінны праходзіць абследаванне на ВІЧ.

Наўмыснае заражэнне вірусам імунадэфіцыту чалавека караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 13 гадоў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў