Жыхар Салігорску атрымаў інваліднасць, але прадпрыемства кампенсаваць маральны ўрон не пажадала


Жыхар Салігорску Мікалай Вашчабровіч страціў здароўе, працу і надзею адшукаць праўду. Некалькі гадоў таму мужчына траўмаваўся, у выніку чаго атрымаў інваліднасць зроку і страціў 40 % працаздольнасці бестэрмінова. Кіраўніцтва прадпрыемства, дзе адбыўся няшчасны выпадак, адмовілася ад кампенсацыі. Да гэтага часу Мікалай змагаецца за свае правы.

Страціў зрок, атрымаў інваліднасць

У чэрвені 2016 года Мікалая Вашчабровіча, які быў тады працаўніком Салігорскага мантажнага ўпраўлення «Прамтэхмантажу», падчас працы яго ўдарыла піка з адбойнага малатка. Медыкі доўгі час змагаліся за здароўе Мікалая, але ў выніку мужчына застаўся без вока.

«Калі я меў ліст непрацаздольнасці, ніхто з кіраўнікоў прадпрыемства, у тым ліку і прафсаюз, не наведалі мяне, не прапанавалі дапамогі і не пацікавіліся маім здароўем. Прадпрыемства нават маіх лістоў непрацаздольнасці не аплочвала цягам двух месяцаў, матывуючы тым, што ідзе расследаванне няшчаснага выпадку», – распавёў «Белсату» Мікалай Вашчабровіч.

Пасля такой цяжкай траўмы Мікалай атрымаў інваліднасць.

Справка

У адпаведнасці з арт. 283 Працоўнага кодэксу не дапускаецца скасаванне працоўнай дамовы (кантракту) па ініцыятыве наймальніка з інвалідамі, якія праходзяць медычную, прафесійную, працоўную і сацыяльную рэабілітацыю ў адпаведных арганізацыях незалежна ад тэрміну знаходжання ў іх.

Але, не зважаючы на заканадаўства, мужчыну звольнілі з прадпрыемства. Нават прафсаюз прадпрыемства не ўступіўся тады за яго. Мікалай вымушаны быў дамагацца самастойна працаўладкавання і выплатаў, якія яму належаць паводле заканадаўства

«Я звяртаўся ў слуцкі Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы, у менскі Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы, але мне рэкамендавалі накіраваць заявы ў суд. Пасля таго, як маю гісторыю адлюстравала беларускае тэлебачанне ў праграмах «Панарама» і «Белорусское времечко», мяне аднавілі на працы», – адзначае Мікалай.

Дапамагла Мікалаю ўладкавацца на працу і Федэрацыя прафсаюзу Беларусі.

Прафсаюз пайшоў насустрач, але рашэнне прадпрыемства не выканала
Прафсаюз пайшоў насустрач, але рашэнне прадпрыемства не выканала

Кампенсацыі з боку прадпрыемства так і не дачакаўся

Дырэктар філіялу СМУ «Прамтэхмантажу» Валер Матронкін адмаўляўся забяспечыць працаю свайго былога работніка, бо, маўляў, ягонае прадпрыемства мусіць зарабляць грошы, а на сацыяльныя патрэбы сродкаў няма.

«Мы ўсё выплацілі яму. Была мірная дамова, на якой прысутнічалі прадстаўнікі прафсаюзаў. Мы выплацілі 200 базавых па стане на 2017 год. Але пазней яму падалося, што гэтага мала і ён пачаў звяртацца ў суды. Мы не можам не выплаціць. Усю суму, якая была напісана ў дамове мы выплацілі», – распавёў «Белсату» Валер Матронкін.

Але Мікалай Вашчабровіч кажа, што на самой справе чакаў на грошы паводле гэтай дамовы нават некалькі месяцаў, але так і не дачакаўся. Таму звярнуўся ў суд.

Справка

Наймальнік абавязаны пакрыць у поўным аб’ёме шкоду, прычыненую жыццю і здароўю працаўніка пры выкананні ім працоўных абавязкаў крыніцай падвышанай небяспекі, калі не дакажа, што шкода паўстала з прычыны непераадольнай сілы або намеру пацярпелага – Працоўны кодэкс.

Мікалай у сваёй позве ў суд запатрабаваў ад наймальніка выплатаў, прадугледжаных калектыўнаю дамовай, і грашовай кампенсацыі маральнай шкоды ў выніку прычынення шкоды жыццю і здароўю. Мужчына мяркуе, што траўма адбылася з віны наймальніка, бо прадпрыемства не прытрымлівалася пастановаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Мікалай запатрабаваў 30 тысячаў рублёў маральнай кампенсацыі.

«Рашэннем суда Салігорскага раёну ад 22 чэрвеня 2017 года на маю карысць спагналі суму кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай жыццю і здароўю, памерам 5000 рублёў, у астатняй частцы пазову адмовілі. Зразумела, што з гэтым рашэннем суда я не пагадзіўся і абскардзіў яго ў касацыйным парадку. З рашэннем таксама не пагадзіўся і пракурор, які вынес касацыйны пратэст. Але вызначэннем судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менскага абласнога суда ад 28 верасня 2017 года мая скарга і пратэст пракурора пакінутыя без задавальнення, а рашэнне суда – без змянення», – распавядае Мікалай.

Пазней у студзені 2018 года скаргу Мікалая пакінуў без задавальнення старшыня Менскага абласнога суда.

Справка

Паводле артыкулу 152 ГПК РБ, калі грамадзяніну нанесеная маральная шкода, грамадзянін мае права патрабаваць ад парушальніка грашовую кампенсацыю. Пры вызначэнні памераў кампенсацыі маральнай шкоды суд прымае да ўвагу ступень віны парушальніка і іншыя вартыя ўвагі акалічнасці.

Суды не на баку Вашчабровіча

14 сакавіка 2018-га прэзідыум Менскага абласнога суда разгледзеў пратэст намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда на вызначэнне судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менскага абласнога суда ад 28 верасня 2017 года.

«І толькі 12 красавіка 2018 года судовая калегія па грамадзянскіх справах Менабласуда часткова задаволіла маю позву. Прадпрыемства, паводле суда, павіннае мне заплаціць, згодна з калектыўнаю дамоваю, 120 рублёў. У астатняй частцы рашэнне суда пакінулі без зменаў, а касацыйную скаргу і касацыйны пратэст пракурора – без задавальнення. Далей пракуратура Менскай вобласці, у тым ліку Генеральная пракуратура, па маіх скаргах не ўгледзелі падставаў для вынясення пратэсту», – кажа Мікалай Вашчабровіч.

Не ведае, дзе шукаць праўды

Жыхар Салігорску пасля столькіх разглядаў сваёй справы толькі разводзіць рукамі і задае пытанне: а куды звяртацца далей, калі службовыя асобы не хочуць разглядаць скаргаў і зваротаў па сутнасці з ускладзенымі на іх паўнамоцтвамі?

«Пасля гэтага я звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта. Але мне адказалі, што парадак падачы скаргаў і ўнясення пратэстаў на судовыя пастановы магчымы ўпаўнаважанымі службовымі асобамі суда і пракуратуры. Тады 4 студзеня сёлета я прыехаў у адміністрацыю для паўторнага звароту. Напісаў заяву на асабісты прыём на імя начальніка галоўнага ўпраўлення па ўзаемаадносінах з органамі заканадаўчай і судовай улады, пытаннях грамадзянства і памілавання адміністрацыі. Але мне адказалі, што падставаў для прыёму мяне службовымі асобамі няма. Куды звяртацца далей, калі службовыя асобы не хочуць разглядаць скаргаў і зваротаў па сутнасці з ускладзенымі на іх паўнамоцтвамі?» – пытае Мікалай.

Даслаць сваю навіну можаце і вы, скарыстаўшыся формаю зваротнай сувязі на нашым сайце.

СК belsat.eu

Стужка навінаў