Жыхар Магілёва абскардзіў судовы вырак: замест содняў яму далі штраф


Васіль Салтановіч ля драмтэатру падчас мірнага маршу ў Магілёве. Фота прадставіў герой публікацыі

Васіль Салтановіч і сам не чакаў, але змог «скасаваць» 13 з 33 содняў свайго адміністрацыйнага арышту. Менавіта такі тэрмін мужчына мусіў адседзець за ўдзел у трох мірных мітынгах пратэсту ў Магілёве.

29 кастрычніка Магілёўскі абласны суд вынес рашэнне замяніць 13 содняў арышту на 20 базавых велічынь штрафу. Калі б не гэта, то Васіль па праву быў бы ў лідарах па атрыманым содням у Магілёве. Больш за яго – толькі ў грамадскага актывіста Валадара Цурпанава, які на дадзены момант яшчэ не выйшаў з содняў.

«Я сам здзіўлены, шчыра кажучы, што мне адмянілі гэтыя содні. Магчыма, у суддзі прачнулася сумленне і яна зразумела, што гэта ўжо занадта жорстка», – дзеліцца думкамі Васіль. З іншага боку, зараз у Магілёве па артыкулу 23.34 КаАП амаль што перасталі даваць содні, абсалютная большасць людзей атрымлівае штрафы. Магчыма гэта таксама дапамагло.

Не спадабаўся Цімуру Пахоменка

Такі вялікі тэрмін – 33 содняў арышту – Васіль Салтановіч атрымаў паступова. Спачатку суд пастанавіў арыштаваць яго на 8 содняў. За пару гадзін да выхаду з ізалятара на Салтановіча склалі новы пратакол, за які далі 12 содняў. Па такой жа схеме мужчыне накінулі і трэці пратакол і 13 содняў.

Васіль Салтановіч на мірным маршы ў Магілёве. Фота прадставіў герой публікацыі

Усе тры суды праходзілі праз скайп без выезду з ізалятара. Салтановіч спрабаваў заяўляць адвод суддзі, патрабаваў адваката, але на апошняе судовае паседжанне змяніў тактыку і ўжо нічога не патрабаваў, з усім пагаджаўся. Але гэта не выратавала яго ад чарговага арышту.

«Я лічу, што нада мной проста здзекаваліся і рабіла гэта канкрэтная асоба – начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Цімур Пахоменка. Ён яшчэ ў РАУСе паказаў мне на відэа ўсе эпізоды з маім удзелам у акцыях, то бок ён мог скласці адразу 3 пратаколы і ўсе іх прадставіць у суд. Але ён адмыслова складаў пратаколы па аднаму, каб я як мага болей прабыў пад арыштам», – упэўнены Васіль Салтановіч.

Васіль Салтановіч на адной з акцый пратэсту ў Магілёве. Фота прадставіў герой публікацыі

На гэтыя дзеянні супрацоўніка міліцыі Васіль напісаў скаргу да пракурора Магілёва. Адказ ужо прыйшоў і не задаволіў Салтановіча, маўляў, адпіска. «У Пахоменкі ў кабінеце быў абраз Божай маці. Я сказаў яму, ці не баіцца ён кары Божай. Ён адказаў, што не баіцца. Але я добра ведаю, што ён абавязкова за ўсё адкажа», – заявіў Васіль Салтановіч.

Васіль кажа, што ў РАУСе Пахоменка прапаноўваў яму прызнаць віну і супрацоўнічаць, але ён адмовіўся. І сказаў, што будзе размаўляць толькі ў прававым полі. «Тады ты ў нас надоўга», – сказаў мне Цімур Пахоменка і мяне павезлі ў ізалятар», – узгадвае Салтановіч.

Фізічныя і псіхалагічныя выпрабаванні ў ізалятары

«За ўвесь час я змяніў 6 камер і апошняя, куды мяне засунулі, была адзіночная. Гэта вельмі жорстка. Я лічу, што гэта была помста з боку Пахоменкі», – кажа Васіль. З фізічных складанасцяў мужчына называе клапоў, холад, адсутнасць кіпню, душ раз на тыдзень. З псіхалагічных – радыё, якое нельга было зрабіць цішэй і, канешне ж, адзіночная камера. Але ў цэлым, адзначае Салтановіч, умовы ў Магілёўскім ізалятары былі больш-менш нармальнымі і супрацоўнікі ставіліся па-чалавечы.

Ліст з волі на ізалятар да Васіля Салтановіча. Фота прадставіў герой публікацыі

Вытрымаць вялікі тэрмін Васілю дапамагалі сукамернікі – вельмі цікавыя людзі, якія таксама былі асуджаны за ўдзел у мірных мітынгах пратэсту. А таксама лісты з волі.

«Мне было важна падтрымліваць сувязь з вонкавым светам і яна была. Праз тых, хто выходзіў, і перадаваў родным мае пасланні, праз лісты, праз таксафон у ізалятары. А яшчэ мяне падтрымлівалі думкі, што Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка і многія іншыя знаходзяцца за кратамі нашмат даўжэй за мяне. Мой тэрмін у параўнанні з іхнымі падаецца зусім маленькім», – кажа Васіль.

З ізалятара ў больніцу

На 16 дзень у ізалятары ў Васіля пагоршыўся стан здароўя. Ён трываў, бо думаў, што хутка выйдзе і зможа звярнуцца па медычную дапамогу. Але калі яго зноўку не выпусцілі, а накінулі яшчэ 13 содняў, Салтановіч націснуў на чырвоную кнопку ў камеры і запатрабаваў выклікаць сабе хуткую дапамогу. Мужчыну забралі ў больніцу, а адтуль перавялі на дзённы стацыянар.

Васіля забралі з ізалятара ў больніцу на 19ы дзень, атрымліваецца, ён не даседзеў 1 содні. Цяпер сям’я Салтановічаў асцерагаецца адпускаць Васіля на вуліцу аднаго. А раптам не вернецца, раптам яго там схопіць АМАП.

«У мяне 15-гадовая дачка, яна ўсё ведае, але толькі зразумець не можа – за што? Бацька нічога дрэннага не зрабіў, а яго арыштавалі. Я ёй кажу, што выходзіў на мітынгі за яе будучыню, каб ёй добра жылося. Жонка да гэтага нармальна паставілася. Баялася, канешне, але разумее мае мэты», – распавядае Васіль.

Тры АМАПаўцы на аднаго

Пасля абскарджання содняў на мэце Салтановіча дабіцца нармальнага адказу на свае заявы наконт збіцця. Затрымалі яго 27 верасня яшчэ па дарозе на нядзельны марш. Васіль ехаў у тралейбусе, як туды ўварваліся АМАПаўцы і выцягнулі яго.

Ліст да Васіля Салтановіча ад салідарнага жыхара Магілёва. Фота прадставіў герой публікацыі

«Тры АМАПаўцы ў поўнай амуніцыі збілі мяне ў сваім мікрааўтобусе. На рукі мне надзелі сцяжку. Залезлі ў мой тэлефон і пабачылі там фоткі з бел-чырвона-белым сцягам, на што яны сказалі: «Ах ты, змагар!» І пачалі збіваць. Я хаваў твар, як мог. Яны білі па рэбрах і нырках. Пад вокам застаўся сіняк, але крыві нідзе не было. Я бы паглядзеў на любога з іх, калі б на яго накінуліся людзі ў экіпаванні і пачалі збіваць», – узгадвае пачатак сваіх прыгод мужчына.

Васіль кажа, што адзін АМАПавец прапанаваў яму выйсці сам насам. На што Салтановіч адказаў: «А давай лепей згуляем у шахматы!» Але замест усяго гэтага яны паехалі ў Ленінскі РАУС…

Васіль сцвярджае, што напісаў заяву пра збіццё яшчэ ў Ленінскім РАУСе і пакінуў яе на стале ў Цімура Пахоменкі. Другую такую заяву ён напісаў ужо ў ізалятары і даслаў у КДБ. Адказу пакуль не было.

«Я прайшоў праз гэта і цяпер магу сказаць, што гэта ўсё фарс. Я ніколі не мог падумаць, што ў Беларусі знойдуцца тыя, хто пойдзе супраць свайго народу. Але на жаль, мы назіраем зараз менавіта гэта. Нават суддзі выносяць выракі па загаду. Яны прадаюць сваё сумленне і нашую будучыню», – кажа Салтановіч.

Васіль не шкадуе, што хадзіў на мітынгі. Наадварот, ганарыцца гэтым. Маўляў, ён проста не мог не пайсці туды. Перад выбарамі Васіль быў незалежным назіральнікам на адным з участкаў і моцна расчараваўся. Цяпер, калі нічога не рабіць, мяркуе Салтановіч, будзе толькі горш.

«Я не сумняюся, што мы пераможам. У мяне 8 год стаіць каньяк, спадзяюся, што хутка змагу яго адкрыць з самай прыемнай нагоды!» – сказаў Васіль.

Hавiны
У Гомлі хлопцу пагражае 6 гадоў за ўдар «нявыяўленым чынам па задняй паверхні правай нагі» міліцыянта
2020.10.30 18:06
  • Пратэсты ў Беларусі цягнуцца з 9 жніўня. За гэты час былі арыштаваныя не менш за 15 тыс чалавек, шмат з іх былі збітыя, некаторыя былі згвалтаваныя, па меншай меры 6 чалавек загінулі. Паводле крымінальных справаў затрыманыя больш за 350 чалавек.
  • Праваабарончай супольнасцю 102 асобы прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў