Жыхар Любані раскрыжаваў суседскага ката на крыжы, каб насаліць суседзям


Інцыдэнт здарыўся 2 верасня. Мясцовая жыхарка Гэлена Корбут знайшла свайго ката Антошу раскрыжаваным у полі побач з домам.

Пазней высветлілася, што гэта зрабіў ейны сусед. Ён прызнаўся міліцыянтам, што раскрыжаваў ката, каб дапячы суседцы.

Гэлена Корбут распавяла, што экспертыза паказала пашкоджанні ўнутраных органаў, унутранае кровазліццё.

«Сківіцу разбіта, у лапах і ў галаве – раны ад цвікоў», – распавяла жанчына выданню «Інфа-Курʼер».

Хлопец у той вечар быў пʼяны. Ён можа пазбегчы пакарання, бо адмаўляе, што забіў ката, а нібыта знайшоў яго мёртвым і прыбіў да крыжа. Жанчына кажа, што цяпер баіцца жыць у сваім доме.

Мужчыне каля трыццаці гадоў, разам з жонкай і двума дзецьмі ён пасяліўся побач з Гэленай некалькі гадоў таму.

Паводле Гэлены Корбут, год таму яны пасварыліся, бо сусед у яе на вачах забіў сабаку.

«Я ўбачыла, як ён цягне і душыць сабаку вяроўкай. Потым ён зацягнуў яе за свой плот, і я пачула глухі ўдар. Я зазірнула да яго на двор і ўбачыла, што сабака мёртвая», – сказала жанчына.

Тады жанчына не выклікала міліцыю, таму што баялася, што ён падпаліць дом. Гэлена баіцца, што сусед пазбегне сурʼёзнага пакарання, адчэпіцца штрафам.

Любанскі РАУС праводзіць праверку.

Артыкул за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі зʼявілася ў Крымінальным кодэксе ў студзені 2015 года. Да гэтага жывадзёраў каралі штрафамі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў