Жыхар Ляхавічаў замовіў заражэнне сваёй былой жонкі вірусам ВІЧ


Жыхар Ляхавічаў падазраецца ў замаху на заражэнне сваёй былой жонкі ВІЧ-інфекцыяй – яму пагражае да 13 гадоў турмы.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка УУС Берасцейскага аблвыканкаму Сяргея Дученка, увечары 27 лістапада ў двары дому да 38-гадовай жанчыне падышоў невядомы мужчына, укалоў яе нагу шпрыцам, у якім была кроў, і схаваўся. Пацярпелая звярнулася да праваахоўнікаў, якія затрымалі хулігана. Затрыманы распавёў, што замах на жанчыну замовіў яе былы муж. За 50 долараў заказчык папрасіў укалоць жанчыне заражаную ВІЧ-інфекцыяй кроў. Аднак выканаўца шукаць заражаную кроў не стаў і набраў у шпрыц сваю, ня інфікаваную.

Абодва затрыманыя. У дачыненні да заказчыка распачалі справу за замах на заражэнне ВІЧ-інфекцыяй з прамым намерам. Яму пагражае ад 5 да 13 гадоў пазбаўлення волі. Раней ён ужо быў судзімы. Выканаўца атрымаў артыкул за хуліганства, паведамляе TUT.by.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў