Жыхар Гомля пагражаў міліцыянтам нажом


У Гомлі 28-гадовы мясцовы жыхар спрабаваў пазбегнуць затрымання за незаконны абарот наркотыкаў і пагражаў міліцыянтам нажом. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай.

31 траўня працаўнікі Савецкага РАУС Гомля планавалі затрымаць 28-гадовага жыхара Гомля, якога падазравалі ў набыцці псіхатропаў у інтэрнэт-краме з мэтай збыту.

«Выходзячы з пад’езду шматпавярхоўкі, падазраваны заўважыў аператыўнікаў і паспрабаваў ад іх уцячы. Падчас пагоні ён зразумеў, што схавацца не атрымаецца, таму спыніўся, дастаў з кішэні нож і стаў пагражаць пераследнікам. Аднак у выніку міліцыянты затрымалі нападніка», – паведамілі ў МУС.

Фота – t.me/pressmvd

З сабой у маладога чалавека была бутэлька з вадкасцю, якая змяшчала асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва альфа-PVP.

Жыхар Гомля знаходзіцца цяпер пад вартаю. Распачатыя крымінальныя справы па факце незаконнага абароту наркотыкаў і пагрозы ўжывання гвалту ў дачыненні да працаўнікоў органаў унутраных спраў.

Мужчына раней быў неаднаразова судзімы за незаконны абарот наркотыкаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў