Жыхар Быхава краў пасведчанні інвалідаў, каб бясплатна ездзіць на цягніках


Міліцыянты выкрылі «інваліда», які хацеў бясплатна праехаць на дызелі па скрадзеным пасведчанні.

Скрадальніка чужых дакументаў злавілі ў цягніку Магілёў – Жлобін, паведамляе прэс-служба МУС. Падчас праверкі праязных дакументаў у рэвізора ўзніклі падазрэнні наконт пасведчання інваліда аднаго з пасажыраў. Фотаздымак адпавядаў знешнасці ўладальніка, але пячатка выклікала пытанні.

Нарад транспартнай міліцыі затрымаў мужчыну для разбіральніцтва. Экспертыза выявіла, што дакумент падроблены.

«Падазраваны – 43-гадовы жыхар Быхава, раней неаднаразова асуджаны. Ехаў дадому з Магілёва. У абласным цэнтры ён наведаў псіханеўралагічны дыспансер, дзе ў аднаго з пацыентаў скраў пасведчанне інваліда, уклеіўшы туды свой фотаздымак і нейкі час карыстаўся бясплатным праездам», – распавёў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі грамадскай бяспекі на абʼектах транспарту МУС Генадзь Ворса.

Чытайце таксама >>> Інваліды-вазочнікі – як вязні ў сваіх кватэрах. Сюжэт на «Белсаце» дапамог, але гэта толькі пачатак

Падчас затрымаў у зламысніка знайшлі пры сабе яшчэ адно пасведчанне інваліда – таксама скрадзенае. Яго жыхар Быхава скраў у знаёмага з Магілёва, у кватэры якога напярэдадні яны зладзілі застолле.

«Інвалід» змешчаны ў ІЧС. Супраць яго распачалі крымінальныя справы паводле арт. 378 «Крадзеж асабістых дакументаў» і арт. 380 «Падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў». Парушальніку пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў