Журы дзіцячага «Еўрабачання» глядзела конкурс у сакрэтным пакоі


25 лістапада 2018 года. Раксана Вэнгель падчас выступу на дзіцячым «Еўрабачанні» ў Менску. Фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

У Менску скончыўся фінал дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2018». Пераможцаю ў сёлетнім шоу стала 12-гадовая прадстаўніца Польшчы Раксана Вэнгель з песняю «Anyone I want to be».

Фінал дзіцячага «Еўрабачання» распачаўся з традыцыйнага параду сцягоў пад гучныя авацыі гледачоў. Амаль поўная «Менск-Арэна» – а гэта да 15 тысячаў гледачоў – назірала за рэкорднаю колькасцю канкурсантаў. 20 краінаў – ад Ўэльсу да Мальты – і 20 непаўторных нумароў. Відавочнага фаварыта не было.

«Агульны ўзровень вельмі высокі. На некаторых нумарах, заплюшчваючы вочы, можна было ўявіць, што гэта былі ўдзельнікі дарослага «Еўрабачання». Настолькі высокі быў узровень падрыхтоўкі. Шоу цудоўнае, я вельмі хачу адзначыць святло. Светлавое рашэнне», – кажа старшыня нацыянальнага журы дзіцячага «Еўрабачання Яўген Алейнік.

У змаганні за крыштальны мікрафон – галоўны трафей конкурсу – удзельнікам давялося запальваць як у наўпроставым, гэтак і ў пераносным сэнсе. Да гэтага іх схіляў гэштэг #LightUp – слоган сёлетняга конкурсу, які раіў ранішнім зоркам запальваць, натхняць ды свяціцца.

Выступ прадстаўніцы Францыі на дзіцячым «Еўрабачанні» ў Менску. Фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Галасаванне ж за найлепшых распачалося яшчэ ўчора. У адрозненне ад старэйшага брата конкурсу, тут можна было галасаваць як за артыста са сваёй краіны, гэтак і за пяць іншых удзельнікаў. Аднак апошняе слова – усё за журы, якое галасавала яшчэ напярэдадні.

«Прафесійнае журы галасуе больш за супермелодыю, супервакал. Гледачы – за фрыкаў, нейкія смешныя, кур’ёзныя моманты. А ў цэлым атрымліваецца, што і тое, і тое важнае», – дадае Алейнік.

Яўген Алейнік, які 11 гадоў таму прадзюсаваў пераможцу дзіцячага конкурсу Аляксея Жыгалковіча, раскрывае «Белсату» і яшчэ адную таямніцу конкурсу:

«Журы не глядзіць конкурс на канцэртавай пляцоўцы, журы глядзіць конкурс у сакрэтным пакоі, ані адрас, ані размяшчэнне якой раскрываць нельга».

Восем гадоў таму Менск ужо прымаў дзіцячае «Еўрабачанне» на «Менск-Арэне». Вяртанне конкурсу ў Беларусь – відавочна вынік высокай адзнакі прадзюсараў што да арганізацыі такой імпрэзы ў нашай сталіцы.

Сцяпан Святлоў

Глядзі таксама
Каментары