Журналісты масава сыходзяць з «СБ. Беларусь сегодня»


22 верасня стала вядома пра сыход з праўладнага выдання пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Ад каментароў аўтарка адмовілася, але пацвердзіла інфармацыю TUT.BY.

Паводле самой Рублеўскай, сышла яна яшчэ месяц таму. Апошнія публікацыі на сайце выдання датаваныя 14 жніўня.

У «СБ. Беларусь сегодня» Рублеўская была літаратурным аглядальнікам з 2003 году. Цяпер яна будзе працаваць на сайце газеты «Звязда».

Акрамя Людмілы Рублеўскай, з выдання за апошнія два месяцы сышлі іншыя супрацоўнікі.

Як паведамляе «Еўрарадыё», агулам каля 12 супрацоўнікаў звольніліся з прэзідэнцкай газеты.

Людзі звальняліся з «Саўбелкі» ціха, без пастоў у сацсетках, таму што іх папярэдзілі: «напішаце што-небудзь – за вамі прыйдуць», піша «Еўрарадыё».

З пачатку жніўня таксама стала вядома пра звальненне чатырох работнікаў выдавецкага дома «Беларусь сегодня», якія працавалі ў навінавым аддзеле сайта sb.by. Гэта Аліна Янчур, Аляксандар Кастыка, Вадзім Шундалаў і Святлана Галуза, калумністка Таццяна Сулімава. Таксама супрацу з «СБ» спыніў пісьменнік Уладзімір Сцяпан, які сёлета атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію як найлепшы беларускі празаік.

Людміла Рублеўская напісала шмат кніг. У 2017-м пісьменніца стала лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі проза за кнігу «Авантуры Пранціша Вырвіча», ейныя кнігі ўваходзілі ў шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў