Журналісты «Белсату» выправіліся шукаць невядомую магілу паўстанцаў Каліноўскага і сфатаграфавалі прывід


Пад Лідаю мясцовыя актывісты адшукалі дасюль невядомае пахаванне паўстанцаў. Журналісты разам з актывістамі паспрабавалі даведацца, чые косткі хавае зямля за вёскаю Голдава і чый фантом мог праявіцца на фотаздымку.

Мінула дзве гадзіны пасля таго, як развіднела, аднак надвор’е мала паходзіла на раніцу. Лістападаўскае неба закрывае сутонне. Бурае поле, па якім мы крочылі, чамусьці не згаралі. Пад нагамі згінаюцца сцёблы звялага палыну, які насычае паветра рэзкім, гаркаватым пахам.

– Вось яно, гэтае дрэва! Адразу за ім будзе курган, – гучна паведамляе наш праваднік.

Спадар Станіслаў упэўнена набліжаецца да велічэзнага канадскага клёну, які шмат гадоў сумленна сцеражэ магілу невядомых паўстанцаў.

Грамадска-палітычны актывіст Лідчыны, пісьменнік і журналіст Станіслаў Суднік

Палеглыя ў сутычцы з казакамі

Станіслаў Суднік – адзін з самых актыўных беларусаў Лідчыны. Да 94-га году ён служыў у Казахстане, пасля чаго ў званні падпалкоўніка ў запасе вярнуўся ў Беларусь. Нават у Казахстане сярод вайскоўцаў ён умудраўся займацца беларускімі справамі. Таму не дзіўна, што ў Лідзе ён сцісла звязаў сваё жыццё з Беларускім Народным Фронтам, Таварыствам беларускай мовы і ўжо больш за 20 гадоў займаецца выданнем газеты «Наша слова».

Магілы, каля капліцы, пабудаванай паўстанцамі з прозвішчам Станкевіч

Некалькі дзён таму на старонках газеты з’явілася інфармацыя, што лідскі краязнавец выпадкова трапіў на каардынаты дагэтуль не вядомага пахавання паўстанцаў 1863 году. Леанід Лаўраш даследаваў успаміны Караля Лясковіча, уладальніка Ішчалны (вёска ў Шчучынскім раёне Гарадзенскай вобласці), і раптам наткнуўся на ўрывак:

«На адлегласці 1,5 км ад Стрэліцы, у паўночна-ўсходнім накірунку (так у тэксце, рэальна – у паўночна-заходнім накірунку, – Аўт.) знаходзілася адзіная ў гэтай мясцовасці шляхецкая ваколіца Станкевічы. Паміж дваром і ваколіцай меўся высокі курган з крыжам на вяршыні – помнік 1863 г. Тут была супольная магіла паўстанцаў, палеглых у сутычцы з казакамі».

Драўляная капліца, якую па легендзе за адну ноч пабудавалі паўстанцы

Амаль адразу мясцовыя актывісты адправіліся на пошук пахавання і неўзабаве знайшлі курган, які цалкам адпавядае апісанню. Менавіта яго мы паехалі шукаць разам з былым падпалкоўнікам.

Старая мапа з пазначанай ваколіцай Станкевічы

«Мы баяліся, што курган будзе заараны. Аднак не, – распавядае Станіслаў Суднік. – Відаць, людзі ведалі, што тут магіла і не чапалі гэтае месца. Калі глядзець на мапу ад Мінойтаў да Голдава, мы зараз знаходзімся на тэрыторыі былой Ольжаўскай пушчы, якую даўней амаль цалкам высеклі. На іншым ускрайку пушчы ёсць яшчэ адна магіла, на якой летась мы ўсталявалі помнік невядомым паўстанцам. Там яшчэ ў 1925 годзе стаяў крыж, месца даволі вядомае. Бяда ў тым, што пра баі на поўдні Лідскага павета няма нідзе інфармацыі. Сіламі нашых гісторыкаў і краязнаўцаў мы маем практычна ўсе вядомыя ўспаміны пра паўстанне. Аднак пра гэтыя баі – калі яны адбываліся, пра іх камандзіраў – мы нічога не ведаем. Але ёсць такі нюанс: зусім побач адсюль на могілках стаіць капліца, якую па легендзе пабудавалі паўстанцы за адну ноч. Яна знаходзіцца ў былой ваколіцы Станкевічы. Станкевічы – гэта чыстая шляхта. Відавочна, што яны таксама ўдзельнічалі ў паўстанні. Магчыма, што некаторыя з іх тут і ляжаць. Чаму іх не пахавалі на могілках побач? Мабыць, асцерагаліся, што царскія вайскоўцы высветляць іх імёны і прыйдуць да радні».

Падмуркі пабудоваў знішчанай шляхецкай ваколіцы Станкевічы

Крыжа на магіле больш няма. Курган акаляе вялікае поле. Восеньскі вецер без перашкод хвошча па твары. На месцы пануе ціша. Падумала: як шкада, што не засталося людзей, якія маглі б распавесці пра гэтае месца – ці няма тут, напрыклад, прывідаў паўстанцаў. Не думала, што вечарам таго ж дня за гэтыя думкі ўкушу сябе за язык. Наш праваднік схаваўся ў пасохлых кустах зелля, шукаючы падмуркі. Дзеля некалькіх кавалкаў разбітай цэглы, мы падвергнуліся нападу неверагодна цэпкіх лопухавых галовак, якія абляпілі нас з макушкі да пят. На некалькі хвілін нашую размову прыпыніла рытмічнае выдзіранне лопуху з шаліка, нагавіцаў, паліто, шкарпэтак ды валасоў.

Грамадска-палітычны актывіст Лідчыны, пісьменнік і журналіст Станіслаў Суднік

Перажылі дзве вайны, а загінулі ад камуністаў

Крыж, які паставілі жыхары Станкевічаў у падзяку за перажытую І Сусветную вайну

Пад’ехаўшы на месца, спадар Станіслаў працягнуў свой расповед.

«Вось, бачыце? Разбураны будынак. Гэта ўсё – парэшткі шляхецкай ваколіцы Станкевічаў. Драўляную капліцу некалькі гадоў таму рэстаўравалі. Станкевічы паспяхова перажылі Першую сусветную вайну і нават паставілі крыж у якасці падзякі. Аднак пасля наступнай вайны лёс іх усіх заканчваецца трагічна. У 1949 годзе ўсе жыхары ваколіцы катэгарычна адмовіліся ўступаць у калгас. На дадатак тут дзейнічала Армія Краёва. Акоўцы прыйшлі ў гэтыя Станкевічы, дзе іх накрыла НКУС. Акоўцы вырваліся, а вінаватымі зрабілі Станкевічы. І ўсіх пагалоўна вывезлі ў Сібір. Вярнулася толькі адна сям’я. Тут побач стаіць іх хата – апошні шляхецкі будынак з калонамі. Там жыве дзед, але ад яго нічога не дабіцца, дый пра крыж на кургане ён нічога не ведае».

Апошняя шляхецкая сядзіба ваколіцы Станкевічы

Крыху паблукаўшы каля драўлянай капліцы, мы заўважылі некалькі магіл з прозвішчам Станкевіч – некаторыя напісаныя па-польску, некаторыя па-расейску. Робім некалькі здымкаў і вырашаем вяртацца назад.

Магілы, каля капліцы, пабудаванай паўстанцамі з прозвішчам Станкевіч

«Разумееце, для Лідчыны гэтае паўстанне вельмі важнае і балючае, – працягнуў, сядаючы ў аўта, спадар Станіслаў. – Сёння мы маем спіс вядомых удзельнікаў паўстання з Лідскага павета – 426 чалавек. Галоўнакамандуючы збройных сілаў ВКЛ Людвік Нарбут, нарачоная Кастуся Каліноўскага – «галубка» Марыя Ямант, Цітус Далеўскі – правая рука Каліноўскага, які павінен быў яго замяніць і кіраваць паўстаннем, калі нешта здарыцца з Канстанцінам, найлепшы военачальнік паўстання Валеры Урублеўскі. Пералічваць можна доўга. Усе яны або загінулі, або іх расстралялі, павесілі ці саслалі. Рэдка каму ўдавалася эміграваць. Таму на гэтай зямлі паўстанне без перабольшвання насіла агульнанародны характар. Зараз я перакладаю ўспаміны Апалоніі Далеўскай і знайшоў вельмі цікавую інфармацыю. Кастусь Каліноўскі быў на вяселлі ў Зыгмунта Серакоўскага. І з усіх гасцей, такіх знакамітых, якія падтрымлівалі паўстанне, ацалеў толькі адзін чалавек, нейкі Ян, які прыехаў з Пецярбурга. Астатнія або расстраляныя, або вывезеныя ў Сібір».

Як распавёў Станіслаў Суднік, ён напісаў ліст у гарвыканкам з просьбай дазволіць паставіць мемарыяльны крыж. Мясцовыя ўлады ў просьбе адмовілі, спаслаўшыся на тое, што пра магілу мала інфармацыі. Але пры гэтым далучылі музею правесці дадатковыя даследаванні.

Курган, дзе пахаваныя паўстанцы Каліноўскага за вёскай Голдава на Лідчыне

«Цяпер мы будзем дабівацца дазволу, каб хаця б проста паставіць звычайны крыж на месцы хрысціянскага пахавання. Пабачым, што яны на гэта скажуць. Магчыма на мясцовым узроўні, мы робім нешта і не правільна, але мы супраць раскопак. Мы не лічым патрэбным варушыць магілы. Мы не даведаемся з іх прозвішчаў, нічога. Можа, якія гузікі знойдуцца, але што гэта дасць? Не так даўно нашыя ўлады самі хацелі правесці раскопкі на магіле, дзе мы ставілі помнік невядомым паўстанцам. Аднак пры гэтым яны вырашылі, што магілу капаць будзе пошукавы атрад! Але тут грамадскасць выступіла супраць, бо яны парушалі закон. Пахаванню больш за 150 год і яго могуць капаць толькі археолагі. Мы доўга з імі спрачаліся, і ў выніку ўлады адмянілі сваё рашэнне. Таму ў гэтых умовах мы проста хочам паставіць крыж, каб ушанаваць памяць загінулых. Такімі месцамі мы апякуемся, прывозім вянкі і знічы».

«Чалавек», які бяжыць?

Вярнуўшыся да хаты, мы вырашылі прагледзець фотаздымкі. Раптам у нас, скептычных ды мацёрых журналістаў, адчыніліся раты. На адным з фота, дзе на кургане стаяў Станіслаў Суднік, побач выдзелілася чорная плямка.

Здымак з містычнай плямкай, якая выглядае, як прывід чалавека, які бяжыць

Зрабіўшы павелічэнне, плямка стала нагадваць цень чалавека, які некуды ўцякае. Куст ці трава? Але на іншых фота чорнай плямы няма.

Здымак з містычнай плямкай, якая выглядае, як прывід чалавека, які бяжыць

Дык што гэта? Фантом аднаго з паўстанцаў, энергію якога запомніла гэтая зямля? Душа памерлага, якая патрабуе малітвы і супакаення? У любым выпадку, людзі, якія там спачываюць заслугоўваюць хаця б на крыж.

Паўліна Валіш, фота – Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Стужка навінаў