Журналісты «Белсату» напісалі кнігу пра ролю Беларусі ва ўкраінска-расейскай вайне

Ва ўкраінскім выдавецтве «Фоліо» выходзіць кніга журналістаў «Белсату» Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай «Беларускі Данбас».

«Беларускі Данбас» – гэта журналісцкае даследаванне пра беларусаў на вайне, ролі спецслужбаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пра тое, як гэты канфлікт паўплываў на Беларусь.

«Мы пастараліся асвятліць усе пункты перасячэння гэтага канфлікту і Беларусі: ад удзелу беларускіх грамадзянаў у баявых дзеяннях да ролі ў гэтым працэсе спецслужбаў, ад нелегальнага гандлю з «ДНР» і «ЛНР» да працы валанцёраў, ад палітычнай канʼюнктуры да інфармацыйнай стратэгіі ўладаў», – кажа Кацярына Андрэева.

Вокладка кнігі «Беларускі Данбас»

У кнізе ў тым ліку выкарыстоўваюцца інтэрв’ю і расследаванні, якія раней Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш публікавалі на belsat.eu.

Ігар Ільяш лічыць, што вакол вайны на Данбасе ў Беларусі існуе шмат міфаў, якія кніга і мусіць развянчаць.

«Напрыклад, шмат хто дагэтуль упэўнены, што спецслужбы Беларусі нібыта аднолькава ставіліся да добраахвотнікаў на баку Украіны і да баевікоў «ЛДНР». Але насамрэч гэта няпраўда. Мы ведаем шмат прыкладаў, калі КДБ і МУС дазвалялі баевікам свабодна вяртацца ў Беларусі, адпачываць, мяняць дакументы і зноў ехаць ваяваць супраць Украіны. З боку беларускіх спецслужбаў – гэта злачыннае патуранне, калі не горш. У тым ліку пра гэта мы распавядаем у нашай кнізе», – кажа ён.

Аўтары спрабуюць адказаць на пытанне, што прымушала беларусаў ехаць на Данбас і чаму яны ў выніку сталі трэцяй па колькасці нацыянальнай групай сярод удзельнікаў канфлікту (пасля расейцаў і ўкраінцаў). Асобна Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева аналізуюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі ў расейскай-украінскай вайне і як яна трансфармавалася з цягам часу.

«Вельмі часта пазіцыя афіцыйнага Менску ў гэтым канфлікце ўспрымаецца як палітыка роўнааддаленага, «стэрыльнага» нейтралітэту. Але насамрэч гэты нейтралітэт быў абсалютна прарасейскім. Некаторыя выказванні Лукашэнкі ў першыя месяцы канфлікту наагул наводзяць на думку, што ён дапускаў магчымасць удзелу Беларусі ў гэтай вайне», – кажа Ігар Ільяш.

Кніжку ўжо можна набыць у электронным варыянце на сайце выдавецтва. У хуткім часе «Беларускі Данбас» таксама мусіць выйсці ў друкаванай версіі.

https://belsat.eu/news/baeviki-pvk-vagnera-pryyazdzhali-u-belarus-i-zrabili-tut-novyya-dakumenty-rassledavanne-belsatu/?btid=d5b539c6770e46a30bce2cff66194ba8

ІІ belsat.eu

Hавiны