Журналісты Аляксандр Буракоў і Алесь Асіпцоў на волі


19 траўня пасля 10 содняў адміністратыўнага арышту з Магілёўскага ізалятару выйшлі журналісты Аляксандр Буракоў і Алесь Асіпцоў. Сустракаць іх прыйшлі родныя, сябры і калегі. Затрыманыя вельмі добра адгукаюцца пра ўмовы ў Магілёўскім ізалятары, адзін параўнаў яго з цягніком на Новасібірск, а другі – з гостэлам эканом-класу.

Гэта нібыта паехаць цягніком да Новасібірску

Праваабаронца і журналіст Аляксандр Буракоў выйшаў у вельмі добрым настроі – маўляў, умовы ў ізалятары добрыя, пасля 3–5 содняў ужо прызвычайваешся і адчуваеш сябе нармальна. Свой побыт у ізалятары Аляксандр параўнаў з цягніком на Новасібірск: даецца бялізна, прыносіцца ежа, ёсць гарачая вада ў кране, санвузел адмежаваны перагародкай.

Аляксандр Буракоў.
Фота: «Белсат»

За добрыя ўмовы ў ізалятары журналіст падзякаваў мінімальным стандартным правілам ААН у дачыненні вязняў і персанальна магілёўскаму праваабаронцу Барысу Бухелю, які ўваходзіць у назіральную камісію, што займаецца месцамі зняволення, – ён больш за 15 гадоў дабіваўся паляпшэння ўмоваў менавіта ў Магілёўскім ізалятары.

Сваю падзяку Буракоў перадае і Дар’і Рублёўскай, якая сярод іншых даслала яму паштоўку: «Гэта такая самаробная паштоўка. Яна напісала, што патрымала над ёй бэз, каб быў пах. І пах бэзу сапраўды дайшоў да мяне ў ізалятар разам з гэтай паштоўкай».

На думку Аляксандра Буракова, гэтыя рэпрэсіі былі вельмі персанальныя: «Я сядзеў у адзіночнай камеры шырынёй усяго 1,80 м. Там было вельмі мала месца. Я сачыў па спісах на абед, што ўсе астатнія палітычныя таксама сядзяць у адзіночных камерах».

Аляксандр Буракоў на волі.
Фота: «Белсат»

Напрыканцы Аляксандр адзначыў, што з моманту, калі знік Сяргей Ціханоўскі, Магілёўскае аддзяленне праваабарончага цэнтру «Вясна» вельмі добра спрацавала, і яны надалей будуць выконваць сваю працу. «Гэтыя содні не напужалі ды не спынілі праваабаронцаў, мы будзем працягваць сваё назіранне за сітуацыяй у Беларусі», – сказаў Буракоў.

Фота: «Белсат»

Аляксандра Буракова затрымалі 8 траўня проста перад судом, у які ён прыйшоў як праваабаронца і журналіст сачыць за судовымі працэсамі над удзельнікамі акцыяў. Пасля Буракова гэтаксама абвінавацілі нібыта ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакаралі 10 соднямі арышту. Скаргу на рашэнне суда Аляксандр паспеў падаць яшчэ да ад’езду ў ізалятар.

За час галадоўкі мая кроў добра ачысцілася

Пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў выйшаў з ізалятару крыху пазней за Буракова. Сустракалі яго таксама родныя, сябры і калегі. Найперш усіх цікавала здароўе і самаадчуванне Алеся, бо ён 10 содняў трымаў галадоўку.

«За апошнія 7 дзён я выпіў 12 літраў вады, так што цяпер мне не хочацца есці, і піць я ўжо таксама не магу. Адзінае, што хочацца, гэта гарачай гарбаты, бо яе ў ізалятары не было. Трошкі штарміць, але мой арганізм дужы, трэнаваны, таму ў прынцыпе з гэтым 10-дзённым марафонам я справіўся больш-менш нармальна», – сказаў Алесь Асіпцоў.

Паводле журналіста, адміністрацыі ізалятару нават давялося звяртацца ў Кастрычніцкі РАУС і суд, дзе на яго складаўся пратакол, і адтуль прыходзіў спецыяліст апытваць Алеся на тэму, чаму менавіта ён абвесціў галадоўку, з чым уласна не згодны.

Алесь Асіпцоў.
Фота: «Белсат»

Алесь тлумачыў на судзе, і цяпер застаўся верны гэтай пазіцыі: «Сваёй галадоўкай я рабіў такое пасланне ініцыятарам затрымання, тым, хто нацкоўваў іх на журналістаў, што з журналістамі гэтак, як абышліся са мной, абыходзіцца нельга. І што журналісты здольныя на смелыя, радыкальныя дзеянні, каб абараніць свой чалавечы гонар і гонар прафесійны».

«Я нават напісаў заяву кіраўніцтву ізалятару, што я адмаўляюся ад дапамогі лекараў. Але ўсё роўна яны спрабавалі да мяне дагрукацца – відаць, іх усхвалявала мая галадоўка. Калі напрыканцы тэрміну мне памералі ціск, то ён быў вельмі добры. На соднях мне не балела галава, што бывала дома. Лекарка сказала, што за час галадоўкі мая кроў добра ачысцілася», – адзначыў Асіпцоў.

Магілёўскія журналісты выйшлі на волю пасля содняў арышту.
Фота: «Белсат»

І пры гэтым Алесь Асіпцоў прызнаўся, што Магілёўскі ізалятар застаецца адным з самых камфортных. «Я называю яго такім гостэлам эканом-класу за 15 рублёў на суткі. Мінус быў адзіны, што камеры халодныя, сцены дужа настылыя, і ад іх проста дзьме холадам. Праз гэта амаль усе 10 дзён не мог нармальна спаць», – сказаў Асіпцоў.

Перадачы, паштоўкі, якія прыносілі Асіпцову, нагадвалі, што пра журналіста памятаюць і клапоцяцца на волі. Цяпер для Алеся Асіпцова настае няпросты перыяд – неабходна правільна выйсці з галадоўкі ды вярнуцца ў працоўны рытм.

Алесь Асіпцоў быў затрыманы 9 траўня ў Бабруйску, але прад’явілі яму нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Магілёве падчас сустрэчы з блогерамі «Краіны для жыцця». Асіпцоў даводзіў, што ён не браў удзелу ў акцыі, а быў там, як журналіст, выконваў прафесійныя абавязкі, пры ім быў бэйдж і рэдакцыйнае заданне, але суддзя ўсё роўна дала яму 10 содняў.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў