Журналісту Уладзіміру Лапцэвічу далі 12 содняў. Ён абвесціў галадоўку

7 жніўня Ленінскі суд Магілёва прысудзіў 12 содняў журналісту «Магілёўскага рэгіёну» Уладзіміру Лапцэвічу. Як сцвярджае журналіст, у РАУСе яго збівалі, але зняць пабоі не даюць. На руцэ Лапцэвіча сінякі ад кайданкаў.

Журналіста Уладзіміра Лапцэвіча затрымалі 5 жніўня ў будынку Ленінскага РАУС, куды ён прыйшоў па ўласнаму жаданню пасля затрымання свайго калегі, журналіста Аляксандра Буракова. Там Лапцэвіч падаў скаргу на прапускны рэжым ва ўстанове. Праз некаторы час за ім выйшлі і запрасілі даць тлумачэнні наконт скаргі. Лапцэвіч пагадзіўся і прайшоў у будынак, адкуль больш не выйшаў – яго адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда.

Уладзімір Лапцэвіч. Фота: Belsat.eu

«Я аб’явіў галадоўку супраць збіцця і затрымання. Мяне збілі ў РАУС і не даюць прайсці судова-медычную экспертызу, хаця мая траўма зафіксавана ў гарадской больніцы. Таксама ў мяне засталіся сінякі ад кайданкаў», – распавёў Уладзімір Лапцэвіч у судзе.

Лапцэвіч паскардзіўся, што яго завялі ў РАУС падманам. На думку журналіста, яго адразу хацелі затрымаць, але не абʼявілі яму ягоны статус. Яму сказалі, што запрашаюць проста даць тлумачэнні наконт скаргі.

«Але ніякага апытання па скарзе не было. Мне не дазвалялі выйсці і апранулі кайданкі», – сказаў на судзе Лапцэвіч.

 

Уладзімір Лапцэвіч. Фота: Belsat.eu

Журналіста Уладзіміра Лапцэвіча абвінавачваюць у непадпарадкаванні міліцыі – артыкул 23.4 КаАП. Нібыта ён перашкаджаў зачыніць дзверы ў РАУС і самавольна прайшоў у будынак. Гэта пацвярджае сведка па справе – прапаршчык міліцыі Віктар Галадкоўскі.

Фота: Belsat.eu

Але ў суд прыйшлі і іншыя сведкі. Праваабаронца Барыс Бухель і журналіст Аляксандр Сідарэўскі дзяжурылі пад РУАСам разам з Лапцэвічам. Яны сведчаць, што супрацоўнік міліцыі сам выйшаў да Лапцэвіча і сам запрасіў яго зайсці ў будынак, каб даць тлумачэнні па скарзе. Праўда, суддзя адмовілася выклікаць іх у якасці сведкаў. Атрымалася, што супрацоўнік міліцыі стаў адзіным дапушчаным сведкам па справе.

«У пратаколе напісана адна хлусня, гэта выдумкі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Мала таго, мне не далі пратакол правапарушэння, каб я не мог азнаёміцца з ім», – сказаў на судзе Лапцэвіч.

Фота: Belsat.eu

Журналіст заявіў хадайніцтва, каб у судзе былі прагледжаны запісы з камер вонкавага назірання на будынку РАУС. Але суддзя не задаволіла і гэтую просьбу. Лапцэвіч абʼявіў ёй адвод, суддзя яго адхіліла.

7 жніўня ў судзе Ленінскага раёну судзяць адразу 5 чалавек. Усімі справамі кіраваў маёр Павел Башарымаў. Ён паводзіў сябе ў будынку суду Ленінскага раёну як дома: адчыняў-зачыняў дзверы ў залі суда, даваў указанні супрацоўнікам у форме і ў цывільным.

Павел Башарымаў. фота: Belsat.eu

Яшчэ адну справу ў дачыненні назіральніка на выбарах разгледзеў суд Кастрычніцкага раёну.

Павел Башарымаў. Фота: Belsat.eu

Выракі за 7 жніўня:

– журналіст Аляксандр Буракоў старэйшы – 10 содняў;

– журналіст Аляксандр Буракоў малодшы – 10 содняў;

– сябра кампаніі «Страна для жизни» Аляксандр Таланкоў – 7 содняў;

– назіральнік Андрэй Застрэлаў – 10 содняў;

– журналіст Уладзімір Лапцэвіч – 12 содняў;

– праваабаронца Аляксандр Хамратаў – 10 содняў.

Вольга Васільева Belsat.eu

Hавiны