Над журналісткай з Магілёву прайшоў суд. Без позвы і пратаколу


Аліна Скрабунова, магілёўская журналістка-фрылансерка, якая супрацоўнічае з «Белсатам», выпадкова даведалася, што сёння яе судзілі за незаконны выраб СМІ.

Аліна Скрабунова.
Фота: архіў гераіні

Суд без падсуднай

Сёння, 17 лістапада, Аліна Скрабунова пайшла ў суд Ленінскага раёну Магілёву, каб напісаць заяву на забіранне матываванай часткі па адным са сваіх ранейшых працэсаў. У судзе на ўваходзе яе сустрэў міліцыянт. Ён пазнаў журналістку і запытаўся, чаму яна не была на ўласным судзе а 10-ай раніцы. Гэтая навіна стала для Аліны вялікім сюрпрызам.

«На мяне не складалі ніякі новы пратакол. Мне не дасылалі позву ў суд, нічога. Які можа быць суд?» – абураецца яна.

Расклад суду, зялёным вылучанае паседжанне Аліны Скрабуновай.
Фота: Аліна Скрабунова / belsat.eu

Чым скончылася паседжанне яна не ведае – суддзя была занятая.

Аліна Скрабунова адзначае, што гэта далёка не першы раз за апошнія месяцы, калі яна сутыкаецца з непаразуменнем ад беларускіх судоў. Раней ёй высылалі позву з няправільна ўказаным артыкулам.

Hавiны
Журналістак «Белсату» асудзілі на 7 содняў за працу на нядзельным маршы
2020.11.17 16:16

Калапс прававой сістэмы

Юрыст і праваабаронца з «Прававой ініцыятывы» Сяргей Усцінаў адзначае, што ў адпаведнасці з арт. 10.9 ПВКаАП, асоба, якая ўдзельнічае ў адміністрацыйным працэсе, выклікаецца ў суд позвай, якая ўручаецца дадзеным асобе пад распіску.

Могуць выклікаць таксама:

  • позвай па пошце,
  • SMS
  • з выкарыстаннем іншых сродкаў сувязі.

На позве павінна быць указана, хто і ў якасці каго выклікаецца, куды і да каго, час яўкі, а таксама наступствы няяўкі без уважлівых прычын.

Парады
«Можна пісаць сабе лісты з будучыні, дзе мы перамаглі». Топ-7 парадаў, як выжыць на соднях
2020.11.17 10:18

Калі не выкананы парадак уручэння позвы, або позва аформленая з парушэннем ПВКаАП, то выклік можа лічыцца не адпаведным закону. Згодна з арт.11.4 ПВКаАП, пры разглядзе справы ў судзе, удзел фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, абавязковы.

Калі вы не хадайнічалі аб разглядзе справы ў сваю адсутнасць і не атрымалі позву, аформленую ў адпаведнасці з арт. 10.9 ПВКаАП, але суд прайшоў без вас і вынес пастанову, то можна абскардзіць законнасць вынесенай пастановы.

«Аднак любыя парады юрыстаў у сітуацыі прававога бязмежжа, які зараз адбываецца ў Беларусі, выглядаюць немагчымымі, – зазначае адмыслоўца. – Магчыма тут спрацаваў чалавечы фактар, але гэта не праблема чалавека, а суду».

Журналісты, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», зараз сутыкаюцца з беспрэцэдэнтным ціскам. Так, зараз за кратамі знаходзяцца 5 нашых калегаў. Яшчэ мінімум чацвёра – падазраваныя ў арганізацыі масавых закалотаў.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў