Журналістку Вольгу Чайчыц чакаюць два суды за супрацу з «Белсатам»

ВІДЭА

Разгляд адміністратыўных справаў журналісткі Вольгі Чайчыц адбудзецца 6 і 8 снежня – яе вінавацяць у «незаконным вырабе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 ч. 2 КаАП).

Адна адміністратыўная справа будзе разглядацца ў судзе Дзяржынскага раёну 6 снежня а 16-й гадзіне. Вольга Чайчыц мяркуе, што падставай для складання гэтага пратаколу стаў сюжэт пра кватэрны канфлікт у Дзяржынску.

Другая адміністратыўная справа будзе разглядацца 8 снежня ў 9.30 у судзе Ленінскага раёну Менску. Раней журналістку папярэджвалі, што ў адносінах да яе складзены адміністратыўны пратакол за сюжэт «Менчукі змагаюцца з Памежным камітэтам супраць ушчыльнення ў цэнтры», які быў паказаны ў эфіры «Белсату» у кастрычніку, аднак Вольга Чайчыц не ўпэўненая, што менавіта гэтая адміністратыўная справа будзе разглядацца ў Ленінскім судзе 8 снежня.

Нагадаем, паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі толькі за гэты год журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве не менш за $ 14 000. Паводле «Рэпарцёраў без межаў», менавіта журналістаў нашага тэлеканалу беларускія ўлады пераследуюць часцей за ўсё.

ІІ, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары