Журналістку «Белсату» выклікаюць на допыт у СК: патрабуюць назваць крыніцы


Карэспандэнтку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву 30 студзеня аб 11-й гадзіне выклікаюць у Следчы камітэт для допыту ў якасці сведкі ў крымінальнай справе аб гвалце ў войску. Кацярыну хочуць распытаць аб крыніцах, якія паведамілі ёй пра здзекі з жаўнераў тэрміновай службы ў в/ч 33933.

У гэтай вайсковай частцы, у Слоніме, дыслакуецца 11-ая асобная механізаваная брыгада, дзе ў верасні 2018 году загінуў шараговы Аляксандр Арлоў. Тады камісія пры Мінабароны прыйшла да папярэдняй высновы, што жаўнер здзейсніў самагубства з «асабістых прычынаў» і яно не звязана са службай у войску. Слонімскі раённы аддзел Упраўлення Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці распачаў праверку.

Hавiны
«Афіцэры – звяры». Сведчанні былых жаўнераў з часткі, дзе павесіўся шараговец Арлоў
2018.09.06 17:04

Аднак у студзені 2019-га следчыя адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Маці загінулага паскардзілася ў Генеральную пракуратуру і матэрыялы накіравалі ў цэнтральны апарат СК. Паўторная праверка зноў скончылася адмовай распачаць справу. Пасля другой скаргі маці ведамства ўсё ж распачало крымінальную справу паводле артыкулу «Давядзенне да самагубства». Далейшы ход расследавання грамадскасці невядомы.

У артыкуле Кацярыны Андрэевай, апублікаваным на сайце belsat.eu 6 верасня 2018 году (на наступны дзень пасля смерці Арлова), некалькі былых саслужыўцаў загінулага распавялі пра гвалт, абразы і прыніжэнні з боку камандавання. Паводле крыніцаў, афіцэры ўжывалі спірт падчас вайсковых вучэнняў, прымушалі жаўнераў адціскацца, збівалі іх, а адзін нават «зачыняўся ў кабінеце» з хлопцамі і «саджаў іх на калені, дакранаўся».

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Імёны і прозвішчы крыніц у артыкуле былі змененыя з этычных меркаванняў, прозвішчы афіцэраў не называюцца, бо рэдакцыя не мела магчымасці дадаткова праверыць факты гвалту. Таму публікацыя, фактычна, уяўляе з сябе маналогі былых жаўнераў часткі.

У кастрычніку 2018 года адзін з суразмоўцаў патэлефанаваў журналістцы і распавёў, што з ім сустракаліся працаўнікі пракуратуры, якія цікавіліся нестатутнымі адносінамі ў вайсковай частцы. У тым ліку яны згадвалі публікацыю «Белсату» і пыталіся, ці размаўляў ён з журналісткай Кацярынай Андрэевай. Але з самой карэспандэнткай «Белсату» на сувязь ніхто з праваахоўных органаў тады не выходзіў.

20 студзеня гэтага году Кацярыне патэлефанаваў следчы са Слоніма і папрасіў назваць дадзеныя крыніц: імёны, прозвішчы, спосаб камунікацыі з імі. Журналістка адказала, што ўжо не памятае гэтых дэталяў, паколькі прайшло шмат часу з моманту публікацыі. Таксама яна адмовілася гаварыць са следчым не пад пратакол.

29 студзеня Кацярыну па тэлефоне выклікалі ў Савецкі раённы аддзел Следчага камітэту дзеля дачы паказанняў у якасці сведкі па крымінальнай справе, заведзенай паводле ч. 2 арт. 455 Крымінальнага кодэксу («Злоўжыванне ўладай або службовых паўнамоцтваў, звязанае з гвалтам або здзейсненае з прымяненнем зброі»). Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

«Следчая, якая мне патэлефанавала, запытала, ці маю я звесткі пра асобаў, з якімі размаўляла, запісы размовы і г.д. Я сказала, што не памятаю дадзеныя сваіх суразмоўцаў, бо з таго часу прайшло амаль паўтары гады, нейкіх запісаў у мяне таксама цяпер на руках няма. Паколькі адмовіцца ад дачы паказанняў паводле заканадаўства я не магу, то ў СК проста паўтару тое ж самае», – распавяла Кацярына Андрэева.

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.
Фота: Belsat.eu

Стандарты журналісцкай этыкі прадугледжваюць абарону крыніцы інфармацыі. Аднак паводле арт. 39 «Закону аб СМІ» журналіст абавязаны раскрыць крыніцу, якая перадала яму звесткі, калі гэтага патрабуе орган крымінальнага пераследу ў межах расследавання.

На допыт журналістка збіраецца ісці разам са сваім прадстаўніком, адвакатам Сяргеем Зікрацкім.

Кацярына Андрэева працуе ў штаце тэлеканалу «Белсат» з вясны 2017 году. Журналістка працуе ў Беларусі і асвятляе тэмы, звязаныя з палітыкай і сацыяльнымі праблемамі.

Стужка навінаў