Журналістку «Белсату» Любоў Лунёву аштрафавалі на 30 базавых велічыняў

Суд Савецкага раёна аштрафаваў журналістку Любоў Лунёву на 30 базавых велічыняў за нібыта ўдзел у акцыі, якую журналістка асвятляла. Лунёва катэгарычна нязгодная з рашэннем, бо ўдзел у акцыі не прымала.

Любоў Лунёва

Любоў Лунёву разам з аператарам Іванам Куракевічам затрымалі 7 снежня на Маршы мудрасці ў Менску. Яны павінны былі зрабіць рэпартаж адтуль, але амаль адразу журналістаў затрымалі. Пасля затрымання яны былі дастаўленыя ва УУС Савецкага раёну, а далей іх перавезлі на Акрэсціна.

Папярэдне стала вядома, што на журналістаў склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве за парушэнне арт. 23.34 КаАП.

Тады аператару Івану Куракевічу, які супрацоўнічае з «Белсатам», далі 15 содняў арышту нібыта за ўдзел у масавым мерапрыемстве.

Аператару Івану Куракевічу, якога затрымалі на Маршы мудрасці, далі 15 содняў

8 снежня стала вядома, што Любоў Лунёву з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску забрала хуткая дапамога. Яе шпіталізавалі ў кардыялогію 9-га шпіталю Менску. Пасля двух тыдняў знаходжання там яе выпісалі і прызначылі дату суда.

Зараз за кратамі застаюцца журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, якіх затрымалі за стрым з плошчы Пераменаў. Супраць іх завялі крымінальную справу.

АД / belsat.eu

 

Hавiны