Журналістку Анастасію Захарэвіч асудзілі на 7 сутак

У судзе Цэнтральнага раёна горада Менска 7 верасня прайшло судовае паседжанне над журналісткай-фрылансеркай Анастасіяй Захарэвіч, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паказанні сведкі Андрэя Цітова (міліцыянта Цэнтральнага РУУС) не супалі з пратаколам і рапартам, падпісаным яго імем, аднак гэта не перашкодзіла суддзі вынесці рашэнне аб арышце ў 7 сутак.

Перад судовым пасяджэннем сакратарка змясціла камп’ютар з трансляцыяй Анастасіі Захарэвіч такім чынам, што гледачы не маглі яе бачыць

У судовым пасяджэнні Анастасія Захарэвіч удзельнічала праз відэаканферэнцсувязь. На дадзены момант яна знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна.

Затрымалі журналістку пятага верасня ў 16.45, згодна са складзеным пратаколам. Таксама ў пратаколе пазначана, што Анастасія наўмысна парушыла закон Аб масавых мерапрыемствах, паўдзельнічаўшы ў вулічным шэсці.

Сама Анастасія патлумачыла на судзе, што сапраўды знаходзілася там, аднак лозунгі не выкрыквала, не мела ніякай атрыбутыкі і вялікую частку часу ішла ў баку ад калоны. Яна рабіла фатаграфіі шэсця, каб пасля частку з іх размясціць на сваёй старонцы facebook, а ў выпадку цікавасці да іх з боку СМІ – прадставіць іх ім. Анастасія зʼяўляецца журналісткай-фрылансеркай і апошнія тры гады працуе па дамове падраду, актыўна супрацоўнічае з TUT.BY і «Экадом».

Сведка Андрэй Цітоў (па сумяшчальніцтве супрацоўнік Цэнтральнага РУУС) у сваім выступе праз відэасувязь нечакана заявіў, што затрымаў Насту каля шасці вечара. Гэта высветлілася пасля пытанняў да сведкі з боку адваката Захарэвіч:

– Калі вы бачылі Захарэвіч?

– У палову шостага.

– А затрымалі?

– Каля шасці.

– Вы добра памятаеце падзеі?

– Не вельмі.

– Чаму менавіта яе затрымалі? Там было каля 1000 чалавек.

– Цяжка адказаць.

– Як доўга назіралі Захарэвіч?

– Нядоўга.

– Вы ўпэўненыя, што яна ўдзельнічала?

– Удзельнічала

– З чаго гэта вынікае?

– Рухалася ў складзе калоны.

– Я ж пытаюся, ці доўга вы назіралі? Вы адказалі, што нядоўга.

– Гэта паняцце няпэўнае.

– Канкрэтна можаце сказаць, што рабіла Захарэвіч?

– Не.

– Час затрымання ў пратаколе пазначаны дакладна?

– Думаю, што так.

Суддзя Шабуня вырашыла зачытаць рапарт Цітова, з якога вынікае, што ён бачыў, як пятага верасня група грамадзян ішла па маршруце ад вуліцы Веры Харужай, 8. Сярод іх была Захарэвіч. Затрыманне адбылося ў 16.45. Аднак сведка на гэта нічога не змог патлумачыць.

Сама Анастасія Захарэвіч адзначыла, што мае магчымасць аплаціць штраф, калі такім будзе рашэнне суда.
«Я вельмі моцна замерзла пасля двух сутак у ізалятары і мне патрэбна меддапамога», – сказала яна падчас судовага паседжання.

Як распавяла маці Анастасіі, яе дачка мае патрэбу ў штодзённым прыёме лекаў, аднак у ізалятары ёй іх не хопіць. Сакратарка не дала пагутарыць маці з дачкой пасля суда, адразу зачыніўшы экран кампʼютара. Маці Анастасія адправілася ў ІЧУ на Акрэсціна, каб паспрабаваць перадаць лекі.

Hавiны