Журналістка Кацярына Барысевіч застаецца ў СІЗА


Пайшоў трэці месяц зняволення.

19 студзеня мінула два месяцы з моманту затрымання журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч, на волю яна не выйшла, захада стрымання не змененая, гэта значыць, яна працягвае заставацца ў следчым ізалятары.

Другі абвінавачаны ў справе, доктар Арцём Сарокін, таксама пад вартаю, нягледзячы на прызнанні, якія ён двойчы агучыў для дзяржаўнага тэлебачання, піша Tut.by.

Кацярына Барысевіч.
Фота: сацсеткі

Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада. Пазней ёй і Арцёму Сарокіну выставілі абвінавачванне ў «разгалошванні медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы» (ч. 3 арт. 178 КК РБ). Падставаю зрабіўся апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Гэта разыходзіцца з версіяй Следчага камітэту і Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым родныя Рамана да журналісткі і доктара прэтэнзіяў не маюць.

Адзначым, што за збіццё Рамана Бандарэнкі ніхто не затрыманы, больш за тое – да гэтага часу не заведзеная крымінальная справа, а родныя Рамана не прызнаныя пацярпелымі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна вязнямі сумлення.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў