Кацярына Андрэева аштрафаваная за супрацу з «Белсатам»


Суд Савецкага раёну Менску завочна прысудзіў журналістцы Кацярыне Андрэевай штраф у памеры 45 базавых велічынь (1035 рублёў) за «парушэння заканадаўства аб СМІ» (арт. 22.9 КаАП).

Падставай для складання адміністратыўнага пратаколу супраць Кацярыны Андрэевай стала яе праца на «маршы недармаедаў» у Берасці 5 сакавіка, адкуль яна вяла стрым для «Белсату». Журналістку абвінавацілі ў супрацу з тэлеканалам без акрэдытацыі.

Рашэнне вынесла суддзя Фёдарава.  Разгляд справы адбыўся 4 траўня без удзелу журналісткі – позву ў суд Кацярына атрымала толькі сёння, 5 траўня.

«Я думаю гэта вельмі цікавая судовая практыка: спачатку судзіць, а потым дасылаць чалавеку позву ў суд. Калі я пацікавілася, хто быў сведкам на маім працэсе, мне заявілі, што ня могуць даць гэтую інфармацыю па тэлефоне. Гэтае рашэнне застанецца на сумленні судзі Фёдаравай. Думаю ў пэўным сэнсе ёй пашанцавала – у судовай залі я б свае меркаванне пра гэты працэс не стала хаваць. Для мяне гэта не суддзя, для мяне гэта жанчына ў чорнай мантыі, якая невядома як апынулася на гэтай пасадзе», – адзначыла Кацярына Андрэева ў інтэрвʼю «Белсату».

Журналістку не ўпершыню судзяць за яе прафесійную дзейнасць. 12 сакавіка Кацярына Андрэева была затрымана ў Воршы пасля «маршу недармаедаў», з якога вяла стрым, і правяла ноч за кратамі. На наступны дзень Аршанскі гарадскі суд прысудзіў Кацярыне штраф у памеры 30 базавых за «непадпарадкаванне міліцыі» і «парушэнне закону аб СМІ».

«З акцыі ў Берасці прайшло 2 месяца. Відаць цяпер мне трэба чакаць пратаколы і позвы за ўсе наступныя акцыі, з якіх я вяла стрымы», – кажа яна.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў