Журналістка «Белсату» трапіла ў топ-30 жанчын-фатографаў да 30 гадоў


Нашая калега Юлія Шаблоўская са сваім праектам «Тут не забіваюць» трапіла ў сусветны спіс 30 жанчын-фатографаў да 30 гадоў.

Гэта ўжо 11-ы па ліку рэйтынг ад выдання «Artpil».

«Заснаваны ў 2010 годзе, конкурс «30 жанчын-фатографаў, маладзейшых за 30 гадоў» дапамог пачаткоўцам, людзям у сярэдзіне іх кар’еры, а таксама некаторым прафесійным жанчынам-фатографам атрымаць дадатковую выставу і далучыцца да калектыву сярод аднагодкаў», – адзначаюць у «Artpil».

Журналістка «Белсату» Юлія Шаблоўская патрапіла ў рэйтынг са сваім праектам «Тут не забіваюць», які распавядае фотагісторыі «пра жывёлінаў, якія не сталі каўбасой».

ТУТ НЕ ЗАБІВАЮЦЬ

Фотагісторыя пра жывёлінаў, якія не сталі каўбасой.

Фотаздымак – дадатковы сродак

У «Artpil» адзначаюць, што працы Юліі прысвечаныя перадусім сацыяльным пытанням. Гэта расцягнутыя ў часе праекты, у якіх яна вывучае чалавечыя стасункі і назірае за зменамі ў грамадстве праз працу няўрадавых арганізацыяў.

«Для мяне вялікі гонар апынуцца сярод 30 шалёна таленавітых жанчын-фатографаў з усяго свету. А ўдвая прыемней разумець, што я адзіная беларуска сярод пераможцаў! Мне ніколі не хацелася пазіцыянаваць сябе выключна як фатограф – я журналіст, я ў першую чаргу даю голас тым, каго па нейкіх прычынах не чуюць, ігнаруюць. Фотаздымак тут – дадатковы сродак, які дазваляе прыцягнуць яшчэ больш людзей да тых тэмаў, пра якія я распавядаю», – паведаміла Юлія Шаблоўская ў каментары belsat.eu.

Зараз журналістка з калегамі рыхтуецца да вялікага праекту-даследавання, прысвечанага аднаму з аспектаў савецкай спадчыны ў рэгіёнах Беларусі і Расеі.

«А яшчэ я шчыра веру, што 2020 год дасць мне сілаў скончыць працу над двума праектамі – вялікімі і вельмі важнымі для мяне: кнігай аб роўнасці ў жаночым футболе і рэпартажам, прысвечаным людзям у крызісе бяздомнасці, з якімі мы працуем у праекце «Адкрытая кухня» ў Варшаве», – кажа суразмоўца.

Сярод пераможцаў конкурсы таксама маладыя жанчыны-фатографы з Аргентыны, Грузіі, ЗША, Ірландыі, Італіі, Кітаю, Мексікі, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Румыніі, Славеніі, Турцыі, Украіны ды Францыі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў