Журналістка «Белсату» раскрыла правакатара з МУС

Міністэрства ўнутраных справаў заявіла, што аператыўнікі затрымалі чалавека, які фінансаваў вулічныя пратэсты – прынамсі, аднаго з каардынатараў. І як доказ міліцыянты апублікавалі відэа-каментар удзельніка злачыннай схемы. Але ўся гэтая спецаперацыя выглядае, як відавочны фэйк, і не проста падробка, а халтурная.

У Менску міліцыянты затрымалі аднаго з каардынатараў незаконных вулічных акцыяў – заявілі ў суботу падначаленыя Юрыя Караева. Нібыта 34-гадовы мянчук вербаваў удзельнікаў вулічных пратэстаў. Каб даказаць гэта, прэс-служба МУС апублікавала паказанні вось гэтага чалавека, нібыта ўжо завербаванага проста ў краме, які нібыта здаў крыніцы фінансавання.

Як доказ удзелу ў мітынгах міліцыянты апублікавалі вось такое відэа, дзе мужчына ў спартовым касцюме падыходзіць да людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і пра штосьці з імі размаўляе.

«Вось табе 60 рублёў, вось табе натоўп… Знайшлі б і ўкалоцца», – можна пачуць на відэа.

Апроч тэзісаў пра наркаманаў-алкаголікаў былы зэк распавядае, што беларускі АМАП у калоніі нікога не б’е.

«Я кажу, я не на арышце быў, я ў калоніі быў… АМАПу ў Ваўкавыску не было».

Паводле прэс-службы МУС, аператыўнікі спынілі сустрэчу ўдзельнікаў змовы, запланаваную на 19 жніўня. Цяпер ідзе праверка. Але гэтая версія лёгка зняпраўджваецца.

Вось гэтага мужчыну на мітынгах заўважылі і ўдзельнікі, і журналісты. Ён прыставаў да людзей з пытаннямі «што ты тут робіш», потым адыходзіў да міліцыянтаў і зноўку вяртаўся да людзей. Як бачым, тут той жа спартовы касцюм і татуіроўкі на руках.

Правакатар МУС. Скрыншот belsat.eu

Менавіта 20-га жніўня ўвечары гэты мужчына прасіў даць яму выказацца ў эфіры на плошчы Незалежнасці. То бок, праз дзень пасля арышту.

«Пратэст выражаецца ў тым, што я, хіба што, толькі вызваліўся з турмы, дзе быў па сваіх пытаннях», – сказаў ён у жывым эфіры «Белсату».

Але журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева адразу адчула міліцэйскага правакатара з крымінальным мінулым, і дала слова іншым прысутным. Так што сённяшняя публікацыя падначаленых Юрыя Караева – відавочны і неякасны фэйк.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Hавiны