Журналістак «Белсату» асудзілі на 7 содняў за працу на нядзельным маршы


Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова вінавацяцца ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і супраціве міліцыянтам.

Працэс пад капірку

Журналісткі, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова, у нядзелю 15 лістапада вялі стрым з плошчы Пераменаў, дзе адбылася найбольш жорсткая зачыстка сілавікоў. Ужо на судзе Кацярына Андрэева распавяла, што яе затрымлівалі ў кватэры, дзверы выламалі, забеглі каля 10 спецназаўцаў. Яны не тлумачылі нічога, проста сказалі, каб збіраліся і ішлі з імі. Гвалту падчас затрымання не было.

Журналістка belsat.eu Кацярына Андрэева.
Фота: belsat.eu

У РУУС Кацярыне стала блага яна адчула рэзкі боль у галаве, яна ванітавала, а потым журналістка страціла прытомнасць. Ёй выклікалі хуткую і даставілі пад канвоем у 9-ю лякарню. Нічога сур’ёзнага не знайшлі, але прапісалі пасцельны рэжым, поўны спакой і абавязковы візіт да неўролага на наступны дзень. Але раніцай 16 лістапада яе забралі ў РУУС, а адтуль даставілі ў ЦІП.

Прысуд Кацярыне Андрэевай вынесла Вольга Няборская, а Дарʼі Чульцовай – Алена Жывіца. Працэсы ў журналістак выглядаюць нібыта як пад капірку.

Журналістка belsat.eu Дар’я Чульцова.
Фота: архіў гераіні

Ціск на журналістаў у Беларусі

Дакладна вядома, што Кацярына Андрэева зараз зʼяўляецца падазраванай паводле арт. 342 КК РБ (арганізацыя масавых закалотаў).

Зараз журналісткі «Белсату» знаходзяцца на ЦІП на Акрэсціна. Блізкім і сваякам не ўдалося перадаць ім цёплыя рэчы – іх адмовіліся прыймаць. Нашыя каляжанкі выйдуць на волю 22 лістапада.

  • На 17 лістапада 5 журналістаў «Белсату» знаходзяцца за кратамі па адміністрацыйных справах.
  • Агулам ад пачатку 2020 года БАЖ зафіксавала больш за 500 рэпрэсіяў супраць журналістаў, а ад 9 жніўня – 360 затрыманняў супрацоўнікаў СМІ.
  • Паводле ацэнак праваабарончага цэнтру «Вясна» падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі было затрымана каля 20 тысячаў чалавек.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў