Журналіста з Берасця Алеся Ляўчука будуць судзіць за супрацу з «Белсатам»


Алесь Ляўчук паказвае пратакол на ганку РАУСу. Фота – Мілана Харытонава/Белсат

Журналіст Алесь Ляўчук зрабіў матэрыял, у якім распавёў пра карупцыйную схему берасцейскіх чыноўнікаў. Цяпер яго чакае суд.

Яшчэ ў мінулым годзе «Белсату» стала вядома: адну з вуліц у Берасці (вул. Шаўчэнкі) адрамантавалі толькі напалову, а ў справаздачы напісалі, што рамонт адбыўся на ўсёй вуліцы. Нашы журналісты адправіліся туды і знялі пра гэта сюжэт. Аказалася, сюжэт выклікаў незадаволенасць у мясцовых уладаў.

Супрацоўнік Маскоўскага РАУСа Раман Трафімук 26 лютага ўручыў журналісту Алесю Ляўчуку пазоў у міліцыю проста ў краме, а ўжо на наступны дзень міліцыянты склалі на Ляўчука пратакол па артыкуле 22.9 КоАП (парушэнне закону аб СМІ). Любыя тлумачэнні па гэтай справе журналіст даваць адмовіўся. Адміністратыўны працэс адбудзецца 2 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Берасця, ісці на яго Ляўчук не збіраецца, бо, паводле яго словаў, «не хоча ўдзельнічаць у фарсе».

«Мяне будуць судзіць ужо ў пяты раз, але цяпер працэс няхай адбываецца без мяне, гуляць у гэтую гульню мне больш не цікава. На чатырох мінулых судах я паспрабаваў розныя схемы, але калі гуляеш з махляром -перамагчы не магчыма. Таму які сэнс браць у гэтым удзел? Фактычна мяне прымушаюць кожны год выплачваць даніну, а так робяць толькі бандыты». – кажа Алесь Ляўчук.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары