Журналіста Станіслава Івашкевіча будуць судзіць за супрацу з «Белсатам»


Разгляд адміністратыўнай справы журналіста «Белсату» Станіслава Івашкевіча адбудзецца ў судзе Лідскага раёну 24 жніўня. Карэспандэнта вінавацяць у «парушэнні заканадаўства аб СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КаАП) – яму пагражае штраф у памеры да 50 базавых велічынь (1150 рублёў).

У дачыненні да Івашкевіча склалі адміністратыўны пратакол за сюжэт «Вёска ў Лідскім раёне тоне ў свіным гноі», які выйшаў у эфір праграмы «Абʼектыў» 30 чэрвеня гэтага году.

Раней Івашкевічу прыйшла позва ў РАУС Ліды, каб «азнаёміцца з матэрыяламі справы», але да міліцыянтаў журналіст так і не прыйшоў. Копіі адміністратыўнага пратаколу на руках ён дагэтуль не мае.

Станіслаў Івашкевіч чакае, што суд яго аштрафуе.

«Я разглядаю гэты суд у кантэксце агульнага пераследу сваіх калегаў-журналістаў, якім забараняюць займацца сваёй справай», – кажа ён у каментары «Белсату».

Івашкевіч нагадвае, што да нядаўняга часу ён меў акрэдытацыю МЗС, але некалькі месяцаў таму яе скасавалі. Журналіст звязвае гэта з выхадам матэрыялу аб карупцыі ў энергетычнай сферы ў Беларусі.

«У мяне была акрэдытацыя, але яе не прыцягнулі пасля таго, як у МЗС паступіла скарга ад Белэнерга. З гэтага можна зрабіць выснову, што калі журналісцкае расследаванне мае рэзананс, то ўлады, замест таго, каб нешта выпраўляць, пачынаюць узмацняць ціск на журналістаў», – адзначыў ён.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў