Журналіста Паўла Шаройку, якога КДБ абвінаваціў у шпіянажы, пасадзілі на 8 гадоў


Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім распавёў у кулуарах форуму «Менскі дыялог», што карэспандэнта «Украінскага радыё» Паўла Шаройку Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў да больш чым 8 гадоў пазбаўлення волі.

У дадзены момант Павел Шаройка знаходзіцца ў СІЗА КДБ, піша TUT.by са спасылкаю на амбасадара.

Нагадаем, 25 кастрычніка 2017 года ў Менску спецслужбы затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзянаў Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».

У дачыненні да Шаройкі была распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж). Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі.

Суд над украінцам у Менску распачаўся сёлета ў лютым і праходзіў за зачыненымі дзвярыма. Пра вынікі судовага працэсу да сённяшняга дня нічога не было вядома, хаця па неафіцыйных каналах была інфармацыя, што прысуд абвесцілі яшчэ напрыканцы лютага.

Адначасова з судом над Шаройкай Чарнігаўскі раённы суд (Чарнігаўская вобласць, Украіна) пачаў папярэдняе слуханне па справе беларуса Юрыя Палітыкі, якога ўкраінскія спецслужбы абвінавачваюць у шпіянажы, аднак за гэты час суд амаль не прасунуўся наперад. Паседжанне раз за разам адкладаліся – або з прычыны адсутнасці перакладчыка, або з прычыны адсутнасці адвакатаў. Між тым, у красавіку Чарнігаўскі раённы суд пастанавіў працягнуць арышт Юрыю Палітыке да сярэдзіны чэрвеня.

Юры Палітыка

Belsat.eu пісаў пра дэталі «шпіёнскай» справы – падрабязна чытайце тут.

Юрыя Палітыку затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Раней некаторыя ўкраінскія эксперты выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкай можа быць люстэркавай рэакцыяй на суд над Паўлам Шаройкам у Менску. Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Шаройку затрымалі ў Менску ў кастрычніку і абвінавацілі ў шпіянажы. На пачатку красавіка ў СМІ зʼявілася інфармацыя, што Менск і Кіеў нібыта дамовіліся пра абмен. Пазней амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім гэтую інфармацыю зняпраўдзіў.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў