Журналіста Кастуся Жукоўскага зноў будуць судзіць


У панядзелак, 10 ліпеня, ў судзе Светлагорскага раёну адбудзецца суд над журналістам Кастусём Жукоўскім. Да адміністраўнай адказнасці яго прыцягнулі паводле ч. 2 арт. 22.9. Усяго ад пачатку 2017 году на Жукоўскага было складзена каля 10 пратаколаў.

«Мне прыйшла позва ў суд. Пра пратакол я нічога не чуў, мне нічога не дасылалі, не паведамлялі. Але я лічу, што пратакол быў складзены за Светлагорск, дзе мы рыхтавалі матэрыял пра кітайскі завод, які ніяк не могуць запусціць. У Светлагорску падчас здымак за намі сачылі», – кажа журналіст.

Кастусь Жукоўскі звяртае ўвагу, што літаральна 2 дні таму Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на адкрыцці сесіі ПА АБСЭ, заявіў, што ў Беларусі няма праблемаў са свабодай СМІ.

«Ну вось такая ў нас свабода СМІ! Я лічу, што на працягу 23 гадоў сённяшняя ўлада хлусіць. Я не разумею толькі аднаго: як увесь дэмакратычны свет вядзецца на гэтую хлусню?», – кажа Жукоўскі.

Варта адзначыць, што толькі ў сакавіку-красавіку 2017 году Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 96 выпадкаў затрымання журналістаў, 6 з іх пацярпелі ад фізічнага гвалту з боку міліцыі, яшчэ 45 патрапілі пад адміністратыўны пераслед.

Цягам сёлетняй вясны карэспандэнтаў «Белсату» шматразова затрымлівалі, судзілі і каралі буйнымі штрафамі за асвятленне акцый пратэсту. Агульная сума штрафаў складае прыкладна 9 тысяч долараў. Акрамя таго, агулам нашыя журналісты правялі за кратамі больш за месяц.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў