Журналіста «Белсату» аштрафавалі на 613 рублёў за два відэа ва «УКантакце»


У Горадні прайшоў суд над музыкам і журналістам Алесем Дзянісавым, якога звінавацілі ў захоўванні і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» відэа на персанальнай старонцы ў сацыяльных сетках.

Дзянісава асудзілі паводле часткі 2 арт. 17.11 АК РБ – менавіта так кваліфікавалі два відэа, якія Дзянісаў перапосціў са старонкі белар ускіх анархістаў ва «УКантакце» яшчэ ў сакавіку 2017 года. Відэа тычыліся ўдзелу анархістаў у «маршах недармаедаў».

Больш за дваццаць сяброў, паплечнікаў ды калегаў-журналістаў прыйшлі ў суд, каб падтрымаць Дзянісава. Фота Васіль Малчанаў

Дзянісаў з абвінавачваннем быў нязгодны і сваёй віны не прызнаў:

«Старонка, якая была залічаная да экстрэмісцкіх яшчэ ў 2016 годзе, чамусьці працягвала дзейнічаць. Дык адкуль я маю ведаць, што яна забароненая? Я не маю звычкі заходзіць штодня на сайт Мінінфарма, каб даведацца, што ў нас яшчэ прызналі экстрэмісцкім… Больш таго, на момант забароны старонкі тых відэа, якімі я падзяліўся, там не было. Ды і па факце нічога антыўрадавага ці звязанага, скажам, з прапагандай наркотыкаў і г.д. у іх непасрэдна няма!» – распавёў Дзянісаў на судзе.

Дзянісаў не браў адваката і бараніў сябе самастойна. Фота Васіль Малчанаў

На судзе Дзянісаў не браў адваката і бараніў сябе самастойна. Падтрымаць яго прыйшло больш за дваццаць сяброў, паплечнікаў ды калегаў-журналістаў.

Цікава, што суддзя Валер Шпак нават спрабаваў рабіць заўвагі журналістам, якія запісвалі на тэлефон тэкставую інфармацыю падчас працэсу, маўляў, «вы адцягваеце ўвагу суддзі!». Але да вываду людзей за залі паседжанняў не дайшло.

Суддзя спрабаваў рабіць заўвагі журналістам, якія запісвалі на тэлефон тэкставую інфармацыю падчас працэсу. Фота Васіль Малчанаў

У выніку разбіральніцтва, якое цягнулася не больш за гадзіну, Дзянісава прызналі вінаватым, прысудзіўшы штраф у памеры 25 базавых велічыняў, то бок 613 рублёў 50 капеек. Сам прысуд прысутныя сустрэлі воклічамі «Ганьба!» – пад гэтыя гукі суддзя моўчкі выйшаў з залы.

Алесь Кіркевіч, Belsat.eu

Стужка навінаў