Журналіста Андрэя Аляксандрава затрымалі ў крымінальнай справе


Ён на Акрэсціна.

У якім статусе цяпер Аляксандраў і пра акалічнасці справы ягоная адвакатка не распавядае, бо дала падпіску аб неразгалошванні.

Сувязь з журналістам і медыяменеджарам Андрэем Аляксандравым, а таксама з ягонай сяброўкаю Ірынай знікла днём у аўторак, 12 студзеня.

Кватэра Аляксандрава не апячатаная, суседзяў раніцай 13 студзеня дома не было. Супрацоўнікі офісаў на першым паверсе будынку кажуць, што не бачылі нейкай незвычайнай канцэнтрацыі сілавікоў.

Ізалятар на Акрэсціна, снежань 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Сяброўку Андрэя, з якой таксама не было сувязі з учорашняга дня, адшукалі ў сталічным ЦІП на Акрэсціна, дадае БелаПАН.

Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў Ніжнім Тагіле. Дзяцінства правёў у Паставах, там скончыў школу. Скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту. Атрымаў ступень магістра медыяменеджменту ва Ўэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане. У 2009–2012 гадах – намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Быў супрацоўнікам міжнародных арганізацыяў Index on Censorship і Article 19. У 2015–2018 гадах – намеснік дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

– Улады працягваюць крымінальны пераслед журналістаў. Калі ў мінулым годзе асноўнай формай рэпрэсій былі затрыманні і адміністрацыйныя суды, то цяпер супраць журналістаў кінута машына крымінальных спраў, – кажа прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі. – Калегі амаль суткі нічога не ведалі пра лёс вядомага журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава. У выніку калега знайшоўся ў РАУСе, але за што ён затрыманы і ў межах якой крымінальнай справы – следчыя не паведамляюць. Фактычна можна канстатаваць, што журналіста амаль суткі пратрымалі ў зняволенні без магчымасці скарыстацца правам на юрыдычную абарону. У таямніцы ад грамадства. Акалічнасці гэтай справы пакуль невядомыя, але беспрэцэдэнтна абуральным з’яўляецца маштаб рэпрэсій супраць журналістаў, якіх цяпер за кратамі ўжо 9 чалавек. Складаецца ўражанне, што ўлады хочуць стварыць атмасферу максімальнага страху, каб журналісты і рэдактары ўвесь час знаходзіліся пад гэтым ціскам і фармавалі сваю інфармацыйную палітыку, кожны дзень думаючы пра магчымасць быць затрыманымі.

ІК belsat.eu

 

 

 

 

Стужка навінаў