Журналіст Уладзімір Чудзянцоў знаходзіцца ў СІЗА. У яго нібыта знайшлі наркотыкі


Журналіст Уладзімір Чудзянцоў затрыманы і цяпер знаходзіцца ў берасцейскім СІЗА. Яго знялі з цягніка на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта паведамляе «Еўрарадыё».

Паводле маці Уладзіміра Ніны Зуевай, у яе сына знайшлі пакет з нейкім рэчывам:

«Адвакат з ім ужо бачылася, яна расказала мне, што ў цягніку ён адлучыўся ў туалет і пакінуў сумку з рэчамі. А потым да яго мытнікі ў цягніку падышлі, пачалі абшукваць і знайшлі ў сумцы пакет, мне сказалі, што з наркотыкамі. Я яшчэ нідзе не была. Ён цяпер у берасцейскім СІЗА, і пакуль мне ніхто нічога не казаў».

Пасля гэтага ў менскую кватэру Уладзіміра Чудзянцова, дзе ён пражывае разам з маці, уварваліся чатыры чалавекі з сабакам і пачалі ператрус. У кватэры, паводле маці, «знайшлі два пакеты, якія былі прылепленыя скотчам да стала і ложку.

Ніна Мікалаеўна ўпэўненая, што гэта правакацыя і невядомыя рэчыва яму маглі падкінуць. Яна кажа, што сын ніколі не захапляўся наркотыкамі, не піў і не паліў.

Блогер NEXTA мяркуе, што наркотыкі Чудзянцову падкінулі, бо ўлады падазраюць журналіста ў сувязях з ягоным тэлеграм-каналам.

Праваахоўныя органы з афіцыйнымі заявамі наконт затрымання Чудзянцова пакуль не выступалі.

  • Уладзімір Чудзянцоў у апошнія гады працаваў фрылансерам, вёў уласны сайт by24.org Раней ён быў карэспандэнтам TUT.by, аднак у 2012 годзе быў звольнены са скандалам. У красавіку 2016 году ў Чудзянцова правялі вобшук, канфіскавалі ўсю тэхніку і ўзялі падпіску аб неразгалошванні. У чым канкрэтна вінавацілі тады Чудзянцова і як развівалася справа – няясна. Падчас суду над Тарасам Аватаравым у тым жа красавіку 2016-га Чудзянцоў даваў паказанні ў ролі сведкі, казаў, што перадаваў Аватараву 100 долараў «на дапамогу добраахвотнікам».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў