Журналіст патрабуе пакараць міліцыянтаў, якія яго незаконна затрымалі і ўжылі фізічную сілу


Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава 3 сакавіка ішлі асвятляць акцыю пратэсту, але ледзь толькі яны выйшлі з хаты, як іх затрымалі міліцыянты. Цяпер Ляўчук патрабуе ад пракуратуры і Следчага камітэту пакараць міліцыянтаў, якія перавысілі службовыя паўнамоцтвы. Звароты ў гэтыя арганізацыі журналіст адправіў 12 сакавіка.

Ужо больш за год у Берасці па нядзелях пратэстуюць праціўнікі акумулятарнага заводу, і міліцыя на розных падставах робіць так, каб журналісты, што асвятляюць акцыі, не змаглі трапіць на кармленне галубоў на цэнтральную плошчу гораду. Некалькі разоў Ляўчука і Харытонаву выклікалі позвай у міліцыю – менавіта на той дзень і ў той час, калі праходзілі акцыі. Але 3 сакавіка міліцыянты арганізавалі засаду каля дому журналістаў.

ВІДЭА
У Берасці затрымалі журналістаў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву
2019.03.03 11:36

– Мы з Міланай Харытонавай ішлі на прыпынак, калі пачулі, што нехта за намі бяжыць. Калі спыніліся, пабачылі трох мужчын: дваіх у форме, аднаго ў цывільным, і толькі адзін з іх прадставіўся. Нам сказалі, што мы павінны прайсці за імі для складання пратаколу. Калі я папрасіў зрабіць усё па законе і выразна растлумачыць мне падставы, паводле якіх мы павінны прайсці з імі, супрацоўнікі міліцыі Руслан Хацько і Уладзімір Шмялёў закруцілі мне рукі і спрабавалі надзець на мяне кайданкі, хоць я не аказваў ніякага супраціву, – распавёў «Белсату» Алесь Ляўчук.

У выніку сведкамі незаконнага затрымання журналіста сталі дзясяткі берасцейцаў і тысячы карыстальнікаў інтэрнэту, якія бачылі як Ляўчука круціць міліцыя. Журналіста з закручанымі рукамі правялі праз некалькі вуліц Берасця, а затым некалькі гадзін утрымлівалі ў апорным пункце міліцыі, пасля чаго на Харытонаву і Ляўчука склалі чарговыя пратаколы па артыкуле 22.9 КаАП (парушэнне закону аб СМІ).

На наступны дзень журналістаў судзілі па яшчэ трох пратаколах па тым жа вядомым артыкуле. Суд Маскоўскага раёну Берасця прысудзіў агулам 120 базавых велічынь штрафу.

Hавiны
Чарговы штраф незалежным журналістам з Берасця: 1500 долараў за супрацу з «Белсатам»
2019.03.04 21:25

Гэтым разам Ляўчук і Харытонава былі пазбаўленыя права на абарону, а сведкам выступіў супрацоўнік міліцыі Павал Мартынаў, які сведчыў супраць журналістаў у некалькіх апошніх справах, хаця гэтага супрацоўніка журналісты нават не бачылі. Сёння, 12 сакавіка, журналісты напісалі скаргу ў абласны суд і патрабуюць адмяніць рашэнне суду першай інстанцыі.

– У апошнія паўгода ўлады нам не даюць спакойна жыць, міліцыя хапае нас сярод белага дня на вуліцы, нас судзяць, прыходзяць да дому і працягваюць у адкрытую сачыць за намі. Гэта наўмысны ціск, звязаны з нашай працай – уладам не падабаецца, што мы кажам праўду. Я думаю, пракуратура і следчы камітэт зноў заплюшчаць вочы на відавочныя парушэнні закону, але мы будзем фіксаваць гэтыя парушэнні, і прыйдзе час, калі гэтым супрацоўнікам прыйдзецца за адказаць за свае дзеянні, хаця яны ўпэўнены, што ім ніколі нічога не будзе, – кажа Алесь Ляўчук.

ХВ belsat.eu

Стужка навінаў