Журналіст Алесь Ляўчук: Улады тэрарызуюць маю сям'ю


Участковы Жабінкаўскага РАУС Уладзімір Савва ўручае позву ў суд журналісту Алесю Леўчуку

Беларускія ўлады рукамі міліцыі і судоў працягваюць расправу над незалежнымі журналістамі. Сёння ў Берасці чарговыя штрафы за супрацу з «Белсатам» атрымалі Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. Апошнюю зноў будуць судзіць 14 лістапада.

2 лістапада суддзя Ленінскага суду Берасця Святаслаў Каліна прысудзіў незалежным журналістам штраф па 25 базавых велічыняў (агулам – Br 1250) кожнаму за інтэрв’ю з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Журналісты на знак пратэсту адмовіліся браць удзел у гэтым працэсе.

За матэрыял пра мор свіней у Жабінкаўскім раёне журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава сплацілі штраф 70 базавых велічыняў

За апошнія тры тыдні Ляўчука і Харытонаву судзілі ўжо пяць разоў, а агульная сума штрафу дасягнула Br 9325.

Сёння Мілана Харытонава даведалася, што яе чакае новы суд.

«Участковы інспектар Раман Трафімук сёння склаў на мяне пратакол за фотаздымак супрацоўніка Маскоўскага РАУСу, які ўручае позвы майму мужу ў нашым пад’ездзе. Міліцыянт апытаў мяне, а потым дастаў ужо гатовы пратакол, складзены яшчэ 2 лістапада. Калі да нас прыходзяць супрацоўнікі міліцыі, яны часам не прадстаўляюцца, або складаюць пратакол са шматлікімі парушэннямі, або наведваюць нас позна ўвечары суботы. Я ўспрымаю гэта як псіхалагічны ціск і стараюся такія выпадкі фіксаваць на фота ці відэа, закідваю гэтую інфармацыю ў сацсеткі. Атрымліваецца, што цяпер мяне пераследуюць за распаўсюджанне інфармацыі пра пераслед і прававое бязмежжа з боку сілавікоў», – кажа Харытонава.

Участковы Жабінкоўскага РАУС Уладзімір Савва ўручае позву журналістцы Мілане Харытонавай падчас працы ў судзе

Журналісты ўпэўненыя, што сілавыя структуры ўключылі супраць іх шматлікія механізмы ціску, якімі валодаюць.

«Міліцыя сочыць за намі фізічна. Яны з’яўляюцца ў нашым двары і пад’ездзе, у месцах, дзе мы працуем. Яны нават каля школы, дзе вучыцца нашая дачка, зладзілі засаду. Супраць нас разгарнулі паўнавартаснае электроннае сачэнне, аператар МТС па запыце міліцыі перадае ім звесткі, з дапамогай якіх міліцыя сочыць за нашым перамяшчэннем. Вялікая колькасць людзей, бачных і нябачных, ужо два месяцы працуе над пераследам журналістаў», – кажа Алесь Ляўчук.

Алесь і Мілана распавядаюць, што жыць і працаваць у такіх умовах вельмі складана ды такога ціску супраць журналістаў у Берасці яшчэ не было.

«Вельмі шмат часу сыходзіць на суды, размовы з міліцыяй, напісанне скаргаў. Я думаю, што іх задача – выключыць нас з працы. Пры гэтым міліцыя з-за вельмі нізкай кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў здзяйсняе шматлікія парушэнні закону, а суддзі вымушаныя гэта прыкрываць. У кожнай нашай справе – дзясяткі грубых парушэнняў, але прысуд аднолькавы – штраф», – дадае Ляўчук.

ХВ

Стужка навінаў