Жудаснае ДТЗ у Мікалаеўскай вобласці: 5 беларусаў загінулі, 12 параненыя


У Мікалаеўскай вобласці паблізу пасёлка Крывое Возера 20 ліпеня, каля чатырох гадзін раніцы, адбылася маштабная аварыя – мікрааўтобус Volkswagen сутыкнуўся з цяжкавіком. Паводле папярэдня інфармацыі, усе ахвяры трагедыі – беларусы.

«У выніку дарожна-транспартнага здарэння загінулі 5 чалавек і 10 чалавек пацярпела (грамадзяне Рэспублікі Беларусь). Для правядзення дэблакацыі загінулых прыцягвалася падраздзяленне Дзяржаўнай службы па пытаннях надзвычайных сітуацый», – гаворыцца ў паведамленні ДСНС.

Што менавіта стала прычынай аварыі, высвятляе следства.

У паліцыі пазней удакладнілі, што раненні атрымалі 12, а не 10 чалавек. Мікрааўтобус меў беларускую рэгістрацыю і рухаўся па маршруце Адэса-Гомель.

У МЗС Беларусі пацвердзілі факт здарэння. «У ДТЗ загінулі пяць чалавек, дванаццаць знаходзяцца ў шпіталі з траўмамі рознай ступені цяжкасці, трое з іх пакуль у цяжкім стане», – паведаміў БелТА прэс-сакратар міністэрства Анатоль Глаз.

Па факце ДТЗ распачатая крымінальная справа па артыкуле аб парушэнні правілаў бяспекі дарожнага руху (ч. 2 арт. 286 КК Украіны).

ІІ, belsat.eu, паводле tsn.ua, korrespondent.net і БелТа

Стужка навінаў