Жонкі баевікоў «Ісламскай дзяржавы» масава ўцяклі з няволі пасля турэцкага абстрэлу


Баевікі Сірыйскай нацыяльнай арміі побач з вёскай Ябіса ў паўночнай Сірыі побач з турэцкай мяжой. 13 кастрычніка 2019 года. Іолюстрацыйнае фота – Khalil Ashawi / Reuters / Forum

Жанчыны і дзеці, звязаныя з баевікамі «Ісламскай дзяржавы», уцяклі з лагеру на поўначы Сірыі пасля абстрэлу з боку Турцыі, падае «Reuters» са спасылкай на курдскую адміністрацыю.

Колькасць тых, хто пакінуў лагер – 785 чалавек, удакладняе «Sky».

«У нядзелю курдскія ўлады заявілі, што 785 замежнікаў, звязаных з «ІД», збеглі з лагеру Айн-Іса пасля таго, як яго абстралялі турэцкія войскі і іх хаўруснікі», – паведаміў выданню Сірыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека.

9 кастрычніка Анкара распачала вайсковую аперацыю «Крыніца міру» супраць курдскіх Атрадаў народнай самаабароны (YPG) пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вывеў частку амерыканскіх войскаў з памежнага рэгіёну.

Турцыя лічыць YPG тэрарыстамі праз іхныя сувязі з Рабочай партыяй Курдыстану, унесенай Турцыяй у спіс тэрарыстычных арганізацыяў.

У аперацыі задзейнічаныя ўзброеныя сілы Турцыі, а таксама Сірыйская нацыянальная армія, якую падтрымлівае Анкара.

Турцыя хоча стварыць на поўначы Сірыі буферную зону працягласцю ў 480 кіламетраў і глыбінёй у 32 км ад ракі Еўфрат да мяжы з Іракам, каб перасяліць туды многіх з 3,6 млн сірыйскіх уцекачоў, якіх яна прыняла ў выніку вайны Сірыі. Лідар Турцыі Рэджэп Эрдаган заяўляе, што адправіць уцекачоў у Еўропу, калі Еўразвяз не падтрымае яго напад.

Hавiны
Курды трымаюцца да канца. Эрдаган кідае Турцыю ў абдымкі Масквы
2019.10.12 22:55

У выніку нападу свае дамы пакінулі ўжо болей за 130 тысячаў чалавек. Міжнародную супольнасць непакоіць тое, што гэта можа прывесці да ўцёкаў баевікоў «Ісламскай дзяржавы» з турмаў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні курдскіх уладаў.

Злучаныя Штаты пагражаюць Турцыі санкцыямі ў выпадку, калі яна не спыніць вайсковую аперацыю. Нямеччына і Францыя заявілі, што спыняюць экспарт зброі ў Турцыю. Аперацыю асудзіла таксама Ліга арабскіх дзяржаваў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў