Жонка збітага менчука шукае сведак яго затрымання


Жыхар Менску Аляксандр быў затрыманы 12 жніўня каля 20:00 у Менску блізу скрыжавання праспектаў Пераможцаў і Машэрава. Ягоная жонка Ірына распавяла «Белсату», што недалёка ад гэтага месца, на скрыжаванні Пераможцаў і Мельнікайтэ, мужчыну спынілі ўзброеныя людзі ў чорным і загадалі выйсці з аўта. Аляксандр адмовіўся, а сілавікі прыстрашылі, што будуць страляць, і пачалі выбіваць шыбы.

Паводле версіі праваахоўнікаў, мужчына здзейсніў наезд на працаўніка міліцыі.

«Пакуль яго не схапілі, ён патэлефанаваў сыну і крычаў у слухаўку, што яго затрымліваюць. А мы ведаем, як цяпер людзі пасля затрымання могуць знікнуць без звестак, таму адразу далі інфармацыю, што шукаем чалавека, – распавяла Ірына. – Мужа спынілі на Стэле, стралялі, выбілі шкло і выцягнулі з аўтамабіля. Затрымалі мужа недзе а восьмай, а ў больніцу прывезлі толькі а дзясятай. Дзе ён быў увесь гэты час, хто яго збіваў, я не ведаю».

Аляксандр пасля затрымання. Фота прадстаўлена рэдакцыі

У палату да мужа Ірыну не пусцілі: «Я прасіла дазволу пабачыцца з ім, але мне адмовілі. Ведаю толькі ад адваката, што муж быў моцна збіты, увесь сіні, з чэрапна-мазгавой траўмай і пэўны час нават нічога не чуў. Зараз ён адчувае сябе лепей».

«Нам даюць інфармацыю, нібыта муж наехаў на нагу міліцыянта, які яго спыніў. З запісу відаць, як міліцыянту ўжо дапамагаюць. Але самога наезду не відаць. Нават нашага аўта няма ў кадры. Калі хтосьці быў побач і бачыў наезд на вуліцы Мельнікайтэ або само затрыманне, скантактуйцеся з намі, – просіць Ірына. – Мне сказалі, нібыта ёсць відэа з пацверджаннем, што гэта аўта ДАІ, якое гналася за маім мужам, наехала на таго міліцыянта. Таму мы шукаем сведак, фота ці хоць нешта».

Цяпер Аляксандра перавезлі з больніцы ў СІЗА на Валадарскага. Мужчына паступіў у шпіталь моцна збіты з чэрапна-мазгавой траўмай. Жонку да яго не пусцілі, распачалі закрытую справу, праз што адвакат не можа распавесці падрабязнасцяў.

Аляксандр пасля затрымання. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Падчас затрымання Аляксандр быў у аўтамабілі ŠKODA KODIAQ бэжавага колеру, нумар СТ 9089. Калі вы ведаеце нешта пра затрыманне або пра наезд на працаўніка ДАІ, скантактуйцеся з Ірынай (+375-29-675-11-10).

belsat.eu

Стужка навінаў