Жонка палітзняволенага топ-менеджара PandaDoc: «На месцы маёй сям'і можа быць кожны»


Віктар Куўшынаў – дырэктар па прадукту IT-кампаніі PandaDoc – адзін са 100 беларускіх палітзняволеных. І адзіны з топ-менеджараў кампаніі, хто яшчэ застаецца за кратамі. Ягоная жонка Аляксандра Дзікан упершыню за некалькі месяцаў гатовая размаўляць з журналістамі пра сваю няпростую сітуацыю. Яна распавяла «Белсату», чаму ейны муж дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА, як гаварыць з малым дзіцём пра рэвалюцыю і пра ратавальную салідарнасць беларусаў.

Лепшы тата свайму сыну

Аляксандра Дзікан, сузаснавальніца цэнтру дапамогі жанчынам «Ейныя правы», гаворыць пра свайго мужа толькі ў добрых фарбах. Яны разам ужо 9 гадоў, яшчэ са студэнцкіх часоў. Гісторыю іхнага знаёмства дзяўчына называе «звычайнай» – вучыліся на адным факультэце, толькі Віктар Куўшынаў крыху старэйшы. Пазнаёміліся на народзінах універсітэцкіх сяброў.

Аляксандра Дзікан разам з мужам Віктарам Куўшынавым. Фота з асабістага архіву

Пасля сканчэння БДЭУ Аляксандра паехала вучыцца на магістратуру ў Нідэрланды на паўтары гады. Віктар яе дачакаўся. Ажаніліся яны 4 гады таму, а праз год у пары нарадзіўся сын Родэрык.

«Віктар вельмі любіць нашага сына! Сам заўсёды смяецца і кажа: не думаў, што буду так любіць сыночка – нават больш за жонку. Але заўсёды дадае, што гэта жарт» – гаворыць Аляксандра.

Яна кажа, што Віктар гатовы працаваць дзень і ноч, каб ягоная сям’я не жыла ў нястачы. Ён мог не купіць сабе нешта, але набыць дзіцяці 20-ты набор LEGO. Увесь свой вольны час ён бавіў з сямʼёй.

Віктар Куўшынаў разам з сваім сынам Родэрыкам. Фота з асабістага архіву

Віктар – адзіны, хто яшчэ знаходзіцца за кратамі

Віктар Куўшынаў ужо 8 гадоў працуе ў PandaDoc. Ён займаецца развіццём прадукту. Менавіта дзякуючы ягоным намаганням кампанія стала адным з найбольш паспяховых беларускіх стартапаў. Ягоныя калегі і людзі з сектару падкрэсліваюць, што людзей з такім узроўнем кампетэнцыяў у Беларусі вельмі мала.

Аляксандра кажа, што ейны муж на працы зусім не сутыкаўся з дакументамі, фінансамі, дамовамі або бухгалтэрыяй. Таму ягонае затрыманне і абвінавачванне ў махлярстве выглядае смешна.

Пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў СІЗА, некаторых палітзняволеных пачалі вызваляць – у тым ліку і затрыманае раней кіраўніцтва PandaDoc. Але Віктара Куўшынава гэтая лібералізацыя не закранула. Аляксандра кажа, што і ейнага мужа на той знакамітай сустрэчы не было.

Hавiны
Ці Лукашэнка пачаў гандаль палітвязнямі?
2020.10.24 09:35

Чаму ён адзіны з PandaDoc, хто працягвае быць за кратамі? Жонка палітзняволенага мяркуе, што гэта можа быць звязана з ягонай прынцыповай грамадскай пазіцыяй.

«Яго вырашылі патрымаць у закладніках, каб Мікіта [Мікіта Мікада, заснавальнік PandaDoc. – Belsat.eu] не пачаў наноў нешта рабіць. Віця – вельмі прынцыповы чалавек, не супрацоўнічае са следствам, не падпісвае прызнанне віны, якой няма. З ім не так зручна дамаўляцца: Віця раней сутыкаўся з гэтай сістэмаю і трошкі болей ведаў, што там за людзі працуюць. Яго цяжэй запалохаць».

Артыкулы
«Спрабуюць наладзіць іншых супраць палітычных». Як айцішнік адседзеў 11 содняў на Акрэсціна
2020.07.31 11:00

Другая прычына, як мяркуе жонка, ейная ўласная актыўная пазіцыя. Аляксандра Дзікан – адна са стваральніц і былая дырэктарка арганізацыі «Ейныя правы». Установа, якая займаецца прававой дапамогаю жанчынам, стала аб’ектам разгромных сюжэтаў на БТ. Маўляў, PandaDoc незаконна фінансавала дзейнасць арганізацыі, якая потым ладзіла жаночыя ланцугі салідарнасці.

«Нашая арганізацыя дзейнічала выключна ў межах беларускага прававога поля, таму ўлады не здолелі анічога знайсці», – каментуе яна абвінавачванні.

«Жыццё чалавека нічога не значыць у гэтай краіне»

Пасля таго, як улады пачалі рупліва «капаць» пад «Ейныя правы», Аляксандра вырашыла хутка з’ехаць ва Украіну. Яна мяркуе, што змушаная міграцыя пайшла мужу толькі на карысць: на яго больш не маглі ціснуць сямʼёю. Зараз Аляксандра разам з сынам і матуляю знаходзіцца ў Кіеве. Пераезд быў даволі спантанны: дзяўчына прыгадвае, што ў яе не было нават часу, каб падумаць. Рэчы яна сабрала за 30 хвілінаў. І вельмі хутка паехала ў аэрапорт.

Сувязь з мужам яна трымае праз лісты і адваката. Але карэспандэнцыя ідзе досыць марудна і нерэгулярна, усе лісты моцна цэнзуруюцца. Але Аляксандра зазначае, што муж намагаецца іх падтрымаць.

Аляксандра Дзікан:
Фота: Леся Пчолка / belsat.eu

Праз абаронцу кантакт ідзе больш хутка. Саша кансультуецца з мужам па побытавых пытаннях, пытае, што яму патрэбна з волі. Перадачамі ж у СІЗА зараз займаюцца бацькі Віктара.

«Дзякуючы гэтай сітуацыі, я пабачыла, наколькі чалавечае жыццё нічога не значыць у гэтай краіне. Па замове можна расквітацца з кім заўгодна і ў любы момант. Ад гэтага вельмі сумна».

Мужа арыштавалі на вачах у дзіцяці

Напачатку Саша казала сыну, што тата ў камандзіроўцы. Але мужа затрымлівалі на вачах у дзіцяці, таму доўга прытрымлівацца гэтай версіі не давялося.

«Я яму кажу, што ёсць кепскія дзядзі, якія захапілі Менск. Яны злыя і іх аніхто не любіць. Таму яны і тату забралі. Але мы хутка тату ўратуем. Я не магла гэта ігнараваць, таму абрала стратэгію дзяліцца праўдаю з дзіцём».

Аляксандра і Віктар разам з сынам. Фота з асабістага архіву

Але сын усё роўна кажа, што хоча дадому ў Менск, купіць падарунак таце. Першыя тыдні праз перажыты стрэс ён вельмі ўражліва сябе пачуваў, шмат біўся. Аляксандра займалася з сынам арт-тэрапіяй, каб у хлопчыка не ўзнікла пачуцце вінаватасці.

«Мы шмат абмяркоўвалі, як мы ратуем тату. Родэрык прыдумаў, што ён возьме з сабою лук і стрэлы і пойдзе ратаваць Віцю. Цяпер ён больш-менш супакоіўся».

«Усе спрэчкі адыйшлі на другі план»

Саша прызнаецца, што перажыць гэты няпросты час ёй вельмі дапамагае падтрыманне людзей. Яна звярнулася па дапамогу псіхолага, вельмі каштоўным стала падтрыманне блізкіх і сяброў. Але ўсё роўна перажыты стрэс вельмі моцна на ёй адбіўся. Дзяўчына пахудзела да 44 кілаграмаў.

Аляксандра Дзікан.
Фота: Леся Пчолка / belsat.eu

«Каго цікавяць лёсы людзей у нашай краіне? Яны б расстралялі ўсіх, але ўжо XXI стагоддзе і такія рэчы не прынята рабіць у цэнтры Еўропы. А так – ім абсалютна пляваць. На месцы маёй сямʼі можа апынуцца хто заўгодна», – гаворыць Аляксандра.

Таксама для яе вельмі важным стала нязломнасць беларусаў.

«Я зараз са слязамі на вачах чытаю навіны з Беларусі. Гатовая абняць і расцалаваць кожнага бастуючага, кожнага, хто выходзіць на вуліцы. Я хачу дапамагчы ім, чым магу. Ад гэтых людзей цяпер наўпрост залежыць лёс маёй сямʼі».

Аляксандра кажа, што гэтая сітуацыя толькі ўзмацніць іхныя стасункі.

«Мы, як і ўсе пары, часам сварыліся. Некаторыя моманты прыгадваю, і аж смешна становіцца. Зараз гэта ўсё адышло на другі план, падаецца такім глупствам, драбязою. Калі ты такое перажываеш з чалавекам, то ўсё, што заўгодна можна перажыць».

Аляксандра Дзікан.
Фота: Леся Пчолка / belsat.eu

***

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі зараз 100 палітзняволеных. Віктар Куўшынаў – адзін з іх.

Ён быў затрыманы 2 верасня ва ўласным доме, у той жа дзень у менскім офісе кампаніі адбыўся ператрус. Апроч Віктара былі арыштаваны CEO кампаніі Дзмітрый Рабцэвіч, галоўная бухгалтарка Юлія Шардыка і HR Уладзіслаў Міхалап.

Hавiны
У дачыненні да топ-мэнэджара PandaDoc распачалі крымінальную справу
2020.09.03 12:00

Віктара Куўшынава абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 209 КК (Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры).

Імаверна, крымінальны пераслед супрацоўнікаў кампаніі звязаны з дзейнасцю стваральніка Мікіты Мікада. Ён прапанаваў дапамогу сілавікам, якія адмовяцца выконваць злачынныя загады. Пасля ціску на PandaDoc Мікіта ініцыятыву згарнуў.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў