Жаўнер, які загінуў ад кулямётнай кулі ва Уруччы, быў сведкам па справе Коржыча

ВІДЭА

Святлана Коржыч

Маці загінулага ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча паведаміла журналістам media-polesye.by, што падчас следства загінуў сведка па справе ейнага сына.

«Мне даслалі ліст са Следчага камітэту і сказалі, што следства працягнуць да чэрвеня, а тут раптам такі рэзкі паварот. Я ім сказала, што вы, напэўна, жадаеце, каб усе тыя, хто мае дачыненне да гэтай справы, зніклі. Роўна праз 5 месяцаў пасля смерці Сашы 3 сакавіка, памерла ягоная бабуля, якая праходзіла пацярпелай па справе, а нядаўна на вучэннях ва Уруччы загінуў калега Сашы [Дзмітрый Удод. – Заўв. Belsat.eu], які быў сведкам. Я ўжо і не ведаю, што думаць», – кажа Святлана Коржыч.

Дзмітрый Удод нарадзіўся ў вёсцы Навінкі пад Калінкавічамі Гомельскай вобласці. Пасля вучэбнай часткі ў сумнавядомых Печах ён трапіў у 120-ю механізаваную брыгаду ва Уруччы пад Менскам. Быў старшым кіроўцам-механікам на БМП-2. Падчас вучэнняў ён атрымаў раненне несумяшчальнае з жыццём.

Нагадаем, што 19 красавіка Следчы камітэт паведаміў журналістам пра завяршэнне справы шараговага Коржыча.

Паводле следчых, збіццё і здзекі сталі прычынаю самагубства 21-гадовага жаўнера.

Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах 3 кастрычніка. Цела Коржыча знайшлі са звязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны.

ЮВ, belsat.eu, паводле media-polesye.by

Глядзі таксама
Каментары