Жаўнер у Расеі застрэліў восем саслужыўцаў


Ілюстратыўнае фота – Yuri Smityuk / TASS / Forum

У Забайкальскім краі салдат тэрміновай службы адкрыў агонь па таварышах па службе, сем чалавек загінулі, распавяла крыніца РБК у рэгіянальным упраўленні МУС. Пазней ТАСС удакладніла, што загінулых – восем чалавек, яшчэ двое параненыя.

Вайсковец рамонтна-тэхнічнай базы пад Чытой пры змене варты адкрыў агонь па калегах з табельнай зброі.

Паводле крыніцы, загінулі двое афіцэраў і шасцёра жаўнераў тэрміновай службы ды кантрактнікаў.

Пацярпелых даставілі ў ваенны шпіталь, пагрозы іхнаму жыццю няма, паведамілі ў Мінабароны. Паводле крыніцы, яны знаходзяцца ў цяжкім стане.

Жаўнера абясшкодзілі і затрымалі.

Паводле папярэдніх звестак, прычынаю стральбы стаў нервовы зрыў, выкліканы «асабістымі абставінамі, не звязанымі з праходжаннем вайсковай службы».

На месца здарэння вылецела камісія Мінабароны.

Ваенны следчы аддзел распачаў крымінальную справу па факце таго, што адбылося.

Вайсковая пракуратура таксама пачала праверку абставінаў, якія прывялі да забойства.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў