Жаўнер ізраільскага войска – пра тое, як ад яго адкасіць


Даніэль М. Фота – Дзяніс Дзюба / «Белсат»

Даніэлю М. – 20. Пяць гадоў таму ён пераехаў у Ізраіль з Расеі як рэпатрыянт, скончыў тут школу і ўжо два гады служыць у тылавых частках у Тэль-Авіве (у баявыя часткі адзінага дзіцяці ў сям’і не накіроўваюць). У размове з «Белсатам» ён распавядае пра пласкаступасць, дзедаўшчыну і жанчын у Войску абароны Ізраілю.

Падчас прызыву я паведаміў, што хацеў бы займацца чымсьці, што звязана з медыцынай [Даніэль збіраецца паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. – Заўвага. «Белсат»]. «Тролінг» быў вельмі тонкі. Назва маёй пасады перакладаецца як «складчык таблетак».

Прыходжу а 8:00, выкурваю цыгарэту і займаюся раскладваннем лекаў па скрыначках. Прыходзіць апавяшчэнне, што ў нейкай частцы патрэбныя лекі. Калі за імі прыязджаюць – аддаю скрынку. Выдаю лекі без перапынку, амаль як прадавец.

Служба доўжыцца пяць дзён у тыдзень, выходныя – пятніца і субота. Афіцыйна працую па шэсць гадзін на дзень, неафіцыйна можа быць і менш – у залежнасці ад абʼёму працы.

Колькасць таварышаў па службе, што працуюць са мной на складзе, пастаянна мяняецца, у цэлым – ад аднаго да чатырох. У некаторых служачых – змешаныя прафесіі – сёння робяць адно, заўтра – другое.

Большасць падчас службы жыве з бацькамі. Я здымаю кватэру, за якую мне як жаўнеру-адзіночцы [бацькі Даніэля жывуць у іншай краіне. – Заўвага. «Белсат»] войска даплачвае каля $ 370. Гэта максімальная дапамога, якую мне могуць аказаць. Разам з ёй мой ганарар складае $ 965. За кватэру плачу $ 680. На жыццё застаецца $ 285.

Нядаўна я стаў падпрацоўваць афіцыянтам. У вольны час так робяць многія.

Пʼеш – не рабі гэтага ў форме

У параўнанні з ізраільцянамі я вяду аскетычны лад жыцця. Не хаджу па клубах, не марную грошы на дарагі мясцовы алкаголь. У цэлым мне хапае. Калі складаю свой бюджэт, улічваю тое, што мне трэба вячэраць. Сняданак і абед – на базе, але надта не хочацца заставацца там да шасці вечара.

Ежа на базе – самая звычайная. Курыца, рыба, яйкі, макароны. На сняданак можа быць булачка з сырам. Усё выглядае як шведскі стол – прыходзіш і бярэш, што табе трэба. Разнастайнасць ёсць, людзі ядуць і не скардзяцца.

Другі пункт выдаткаў – цыгарэты, вельмі дарагія. Як бы я не крытыкаваў новае падаткаабкладанне, звязанае з цыгарэтамі, паліць я стаў менш: раней быў пачак у дзень, зараз расцягваю на два-тры дні. Наагул, у арміі шмат хто пачынае паліць. Чым там яшчэ займацца?

Ізраільскія жаўнеры правяраюць агароджу на мяжы з Ліванам. Фота – Ronen Zvulun / Reuters / Forum

Жаўнерам можна піць, з гэтым няма праблем. Адзінае абмежаванне, датычнае імпрэзаў, – нельга ганьбіць войска. Калі п’еш – не рабі гэтага ў форме, за гэта могуць дакапацца па-сапраўднаму.

Забароненыя ўсялякага роду наркотыкі, але гэта вельмі тонкае пытанне. У Ізраілі няма легалайзу, але строгасць закона кампенсуецца яго невыкананнем.

На маім курсе маладога байца былі нейкія французы, якія не бачылі нічога ганебнага, каб «дзьмуць» амаль штодня. Доўгі час ім удавалася хавацца, але потым іх злавілі. Мы чакалі нейкага суровага пакарання, але яны прабылі з намі яшчэ два тыдні, і мяркуючы па тым, што яны не былі асабліва засмучанымі, хутчэй за ўсё, усё скончылася добра.

Без «слабакоў» і «нікчэмнасцяў»

Самы просты курс маладога байца – для тых, хто ідзе ў баявыя часткі – доўжыцца тры тыдні. Салдаты спяць у пустэльні, страляюць днём і ноччу, бегаюць і поўзаюць па камянях і вяртаюцца на базу. У курс уваходзіць таксама аказанне першай дапамогі, але гэта робіцца настолькі павярхоўна, што наўрад ці пасля такога курсу салдат зможа яе аказаць. Яшчэ ёсць трохі ўрокаў аб тым, з чаго складаецца зброя. І трэба пахадзіць у каравулы. Усё.

Гэта можа здавацца дзіўным, але з 500 людзей на такім курсе ў паловы можа быць вызваленне ад бегу ці яшчэ нейкіх нагрузак, ад сонца (калі ў чалавека мігрэнь) і ад чаго заўгодна.

У выніку камандзір не можа загадаць бегчы палове салдат.

У мяне ёсць знаёмыя ў баявых частках, якія служаць побач з гарачымі кропкамі. Там сапраўды суровыя ўмовы. Іх закідваюць у пустэльню або лес з заданнем выбрацца, і яны там бегаюць днямі і начамі, самастойна спрабуючы зарыентавацца. Іх камандзіры валодаюць мастацтвам ціснуць на салдат і працаваць на мяжы магчымасцяў, ні ў якім разе не абражаючы. Усё што заўгодна, але ніякіх «слабакоў» і «нікчэмнасцяў».

Ізраільскія салдаты з батальёна 605-га інжынернага корпуса прымаюць удзел у вучэннях на ізраільскай баку мяжы паміж Сірыяй і акупаванымі Ізраілем Галанскіх вышынь. Чэрвень 2016 года. Фота – Baz Ratner / Reuters / Forum

Дзедаўшчына ў войску, можа, і існуе, але яна зусім невялікая і ў большай ступені заснаваная на элементарнай павазе, чым на падначаленні. Калі нехта цябе прымусіць памыць шкарпэткі, гвалтам адказваць нельга ні ў якім выпадку, але можна паскардзіцца камандзіру, і тады таго, хто «берагі паблытаў», чакае пакаранне.

За любую дыскрымінацыю можна трапіць у турму надоўга, але, наагул, у кожнага жаўнера занадта шмат сваіх праблем, каб успамінаць, што нехта чорны, а нехта – гей.

Два гады і восем месяцаў

Дзяўчына з аўтаматам на вуліцы хутчэй за ўсё апынецца не з баявых частак: яе прафесія ў войску можа прадугледжваць узброенасць, але гэта зусім не азначае, што яна адправіцца ваяваць.

Каб трапіць у баявы батальён, дзяўчыне трэба папрацаваць і даказаць сваю прыдатнасць праз «гібуш» – адбор, тэст на цягавітасць.

Ізраільскія жаўнеры гуляюць у снежкі на гары Хермон на акупаваных Ізраілем Галанскіх вышынях каля ізраільска-сірыйскай мяжы. Студзень 2019 года. Фота Amir Cohen / Reuters / Forum

У тылавай службе задзейнічаныя ў абсалютнай большасці жанчыны. Мая база, напрыклад, амаль цалкам жаночая.

Служба доўжыцца два гады і восем месяцаў для мужчын і два гады для жанчын.

Дзяўчатам прасцей адкасіць. Мая знаёмая, калі прыйшла на першы заклік, сказала: «Я не хачу» – і яе проста адпусцілі.

Красоўкі замест ботаў

Вельмі цяжка не патрапіць у войска па фізічных праблемах. Плоскаступнёвасць – не прычына. Ёсць праблема з нагамі – дадуць вызваленне ад ботаў і жаўнер будзе хадзіць у красоўках. Толькі па-сапраўднаму сур’ёзны дыягназ ад лекара дазволіць запісаць у графе: «Не прыдатны».

Ухіліцца ад службы можна па-рознаму. Асноўны спосаб – сказаць, што табе гэта не трэба і, наагул, ты пацыфіст ці анархіст. Галоўнае – зрабіць гэта ў 16, а не ў 18 гадоў.

На другое месца я б паставіў бясконцае ныццё свайму псіхіятра. Не абавязкова пра самагубства – досыць дэпрэсіі. Не трэба разыгрываць шызафрэніка і размаўляць са сценамі, але казаць, як табе сумна і як ты ўсіх вакол ненавідзіш – цалкам сабе дзейсны спосаб.

Трэці спосаб – проста збегчы адтуль і пасядзець месяц дома. Ён самы нядзейсны і непрадказальны: за гэта могуць пасадзіць на месяц, а могуць на паўгода ці нават на больш. Гэта залежыць ад базы, дзе цябе судзяць, і ад тваёй рэпутацыі.

Жаўнеры ізраільскага войска штурхаюць ваенны джып. Поўнач Ізраілю. Кастрычнік 2019 года. Фота – Ammar Awad / Reuters / Forum

Менш за ўсё ў войску людзей, якія прызываюцца таму, што «Радзіма кліча». Іх называюць «цаов» («жоўты» або «залаты») – гэта значыць, той, хто шмат выёжваецца.

У большасці выпадкаў людзі ідуць у войска не таму, што хочуць дапамагчы дзяржаве, а таму што баяцца дыскрымінацыі ў грамадстве. Хоць яе няма – усё разумеюць, што калі чалавек не баявы, войска было, па большай частцы, санаторыем. Маўляў, ты адслужыў, але займаўся там глупствам.

Арабскую я не вучу – няма неабходнасці. Ведаю толькі адну фразу, якую абавязаны: «Не падыходзь – страляць буду». У мяне варта два разы на месяц, перад кожнай даюць паперку ​​з гэтай фразай. Пасля 15 паўтораў усе ведаюць яе на памяць.

Запісаў Дзяніс Дзюба/MВ

Стужка навінаў