«Жаночы дзень» у Бабруйскім судзе: аштрафавалі пенсіянерку, шматдзетную маці, вядоўцу «Мова нанова»


17 верасня ў Бабруйску затрымалі і ў той жа дзень асудзілі за ўдзел у мірных мітынгах сем чалавек. З іх пяцёра – жанчыны. Таксама судзілі зборшчыка подпісаў за адкліканне дэпутата, затрыманага на дзень раней.

«Штрафамі не атрымаецца спыніць змены»

У судзе Бабруйскага раёну і горада Бабруйску на гэтым тыдні – сапраўдны канвеер па разглядзе справаў паводле арт. 23.34 КаАП РБ – парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Штодзень у суд пад міліцэйскім канвоем прывозяць па некалькі чалавек.

У чацвер 17 верасня чакалася адно слуханне па справе Андрэя Шэвандо – маладога чалавека, які збіраў подпісы за адкліканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Веры Шырокай. Хлопца затрымалі 16 верасня ўвечары, ноч ён правёў у ІЧУ. Абвінавачванне ўжо класічнае – удзел у незаконным масавым мерапрыемстве 30 жніўня. Паўдні каля будынку суда Андрэя чакалі сябры і калегі, але яго так і не прывезлі – асудзілі адразу ў ІЧУ, без сведкаў і абаронцы. Прысуд – 10 содняў арышту. Сябры павезлі яму перадачу, але яе не прынялі – маўляў, толькі родныя могуць перадаваць. Працаўнікоў ІЧУ не цікавіла, што ў Андрэя няма блізкіх у Бабруйску.

Жаночы дзень у судзе. Бабруйск, 17 верасня.
Фота: Belsat.eu

Пасля абеду ў суд прывезлі сем чалавек, затрыманых з раніцы – некага забралі з дому, нехта прыйшоў па выкліку ў Ленінскі РАУС г. Бабруйску, і там даведаўся, што яго затрымліваюць да суда.

Першыя чатыры справы разглядала суддзя Таццяна Тарабуева адразу ў сваім кабінеце. Тое, што адбывалася, сапраўды нагадвала канвеер. Суддзя выклікала да сябе па адным чалавеку, спачатку – на размову да разгляду справы. Падчас гэтай гутаркі яна запытвала, ці чалавек прызнае сваю віну, і калі так, то прапаноўвала скарочаны разгляд – без допыту сведкаў і даследавання пісьмовых доказаў. Па такой скарочанай працэдуры яна асудзіла трох чалавек. На кожнага пайшло не больш за пяць хвілін – суддзя зачытвала пратакол, потым адразу рашэнне.

Так, бабруйчанін Максім Анташкевіч атрымаў штраф у памеры 5 базавых велічынь (Br 135) за мітынг 6 верасня. Дзмітрый Сабалеўскі – 15 базавых (Br 405), бо на яго было складзена тры пратаколы за ўдзел у мітынгах у розныя дні.

Экспрэс-судом судзілі вядоўцу моўных курсаў «Мова нанова» у Бабруйску Ірыну Ласіхіну. Хоць дзяўчына не прызнала сваю віну, але пацвердзіла, што была на месцы правядзення масавага мерапрыемства 6 верасня. Яна патлумачыла суддзі, што спынілася там, бо пабачыла знаёмых. Але паказанні службовай асобы, што вяла адміністратыўны працэс – начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкаму Сяргея Рудзько падаліся суддзі больш пераканаўчымі. Ірыне Таццяна Тарабуева прызначыла штраф у памеры пяці базавых велічынь (Br 135).

«Яны думаюць, што яны так запалохаюць людзей. Але гэта смешна, сапраўды ўжо нават выклікае ўсмешку. Не атрымаецца ў іх штрафамі ўжо спыніць працэс зменаў», – сказала Ірына пасля суду.

Святлана Грыцэнка ў судзе. Бабруйск, 17 верасня.
Фота: Belsat.eu

Запалохваюць крыміналкай і органамі апекі

Не атрымаўся суд-пяціхвілінка па справе бабруйчанкі Галіны Лазаравай – шматдзетнай маці. Жанчына адмовілася прызнаваць удзел у незаконным мітынгу. Сваю прысутнасць на фотаздымках з мітынгу ў мясцовых медыях Галіна патлумачыла тым, што гуляла побач, пабачыла знаёмых і вырашыла далучыцца да іх. Гэты працэс вёў таксама Сяргей Рудзько.

Суддзя вырашыла пакараць Галіну Лазараву штрафам у памеры 15 базавых велічынь (Br 405).

– Гэта больш за мой заробак, – заўважыла жанчына.

– Гэта не да мяне прэтэнзія, – адказала суддзя.

Але гэтым справа не скончылася – пасля суду жанчыну пад канвоем павезлі ў пракуратуру Бабруйска. Там з ёй правёў размову намеснік пракурора Ігар Савасцееў. Ён сказаў Галіне, што, калі яна працягне ўдзельнічаць у мітынгах, у яе могуць узнікнуць праблемы з органамі апекі.

«У мяне запыталіся таксама пра заробак, пачуўшы сумы – як я жыву з трыма дзецьмі на такія грошы, – распавяла Галіна. – Запалохвалі, што ў наступны раз пакаранне будзе больш суворым, і будзе разглядацца пытанне аб месцы знаходжання дзяцей, бо яны нібыта ў небяспечным становішчы, калі прыходзяць са мной на мітынгі».

Галіну прымусілі падпісаць «Афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закону», у якім сказана, што ў выпадку паўторных прыцягненняў паводле арт. 23.34 КаАП можа наступіць крымінальная адказнасць.

Галіна Лазарава працуе медсястрой у адной з бабруйскіх паліклінік. У жанчыны чацвёра дзяцей, з іх трое – няпоўнагадовых.

«Нават каб проста ісці, патрэбны дазвол»

Яшчэ трох жанчын судзіла суддзя Ганна Асіпенка.

63-гадовую пенсіянерку Ванду Архіпенка забралі сёння з дому.

«Ад пліты адарвалі, – распавяла жанчына. – Пагрукаліся ў дзверы, але пакуль я выйшла, яны самі ўжо зайшлі ў двор, сказалі: збірайцеся, паедзем. Я пытаюся: на якой падставе? Яны мне сказалі: у РАУСе вам усё патлумачаць».

Ванда Архіпенка ў судзе. Бабруйск, 17 верасня.
Фота: Belsat.eu

У Ленінскім РАУСе высветлілася, што спадарыню Ванду абвінавачваюць ва ўдзеле ў незаконным мітынгу 13 верасня. Пенсіянерка прызнала, што ўдзельнічала ў Маршы.

«Так, я была там, каб выказаць свой пратэст супраць фальсіфікацыя выбараў і супраць прыніжэння нашай моладзі праз дзяржаву. Шэсце было мірным, мы проста ішлі, нічога не білі, нікому не перашкаджалі», – казала Ванда на судзе.

«Нават каб проста ісці, патрэбны дазвол», – адказала на гэта суддзя.

Рашэнне – штраф у памеры 20 базавых велічынь (Br 540).

«Для мяне гэтая сума – катастрофа, – са слязьмі ў вачах сказала нам жанчына пасля суда. – У мяне вельмі цяжкае становішча дома, хворы муж. Я не ведаю, як я буду сплочваць гэты штраф».

На 18 верасня ў РАУС выклікаюць сына Ванды Андрэя Архіпенку, вядомага ў Бабруйску актывіста, які два гады таму сабраў грошы, а летась дамогся ўсталявання ў Бабруйскім раёне помніка пісьменніку Алесю Адамовічу.

Святлана Грыцэнка ў судзе. Бабруйск, 17 верасня.
Фота: Belsat.eu

Суддзя Ганна Асіпенка таксама разглядала справы індывідуальнай прадпрымальніцы Алены Мядзведзевай і бібліятэкаркі Святланы Грыцэнка. Абедзвюх жанчын абвінавачвалі ва ўдзеле ў незаконным мітынгу 13 верасня. Раніцай 17 верасня міліцыя прыехала за імі на працу. Мядзведзева атрымала штраф у 20 базавых (Br 540), Грыцэнка – 30 базавых (Br 810).

Алена Мядзведзева ў судзе. Бабруйск, 17 верасня.
Фота: Belsat.eu

Пасля разгляду справаў усіх асуджаных зноў павезлі ў РАУС, дзе знялі адбіткі пальцаў.

«Адкаталі пальцы, а таксама сфатаграфавалі ў профіль і анфас як сапраўдных злачынцаў. Такога не было раней. Тых, хто ўпершыню трапіў у гэтую машыну, гэта палохае вельмі», – зазначыла Галіна Лазарава.

У пятніцу, 18 верасня, суды над затрыманымі за мірныя мітынгі і шэсці ў Бабруйску працягнуцца.

НА Belsat.eu

Стужка навінаў